Хто галасуе за Лукашэнку?

З каго складаюцца прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта, колькі сярод іх жанчын і мужчын, гараджан і вяскоўцаў, моладзі і людзей пажылога веку?

Сьвежых дадзеных вартых даверу апытаньняў на гэты конт няма. Апублікавалі толькі завоблачны рэйтынг у 76%, які налічыла падпарадкаванае прэзыдэнту ведамства. Да таго ж менавіта на пытаньне, вынесенае ў загаловак, агучаныя дадзеныя гэтага дасьледаваньня не адказваюць.

Некаторы час таму я апублікаваў блог «Прыгоды рэйтынгу прэзыдэнта, або які працэнт у Лукашэнкі», заснаваную на дадзеных апытаньняў НІСЭПД у 2005–2016 гадах.

У той публікацыі прыводзіліся агульныя зьвесткі аб дынаміцы рэйтынгу прэзыдэнта і ўзроўню даверу да яго. Зь іх вынікае, што, напрыклад, рэйтынг А.Лукашэнкі за гэты пэрыяд мяняўся даволі моцна, ад 49,7% у лістападзе 2006 году да 20,5% у верасьні 2011 году.

Ніжэй пададзеныя графікі паказваюць, як пры гэтым зьмянялася сацыяльна-дэмаграфічная структура выбарнікаў прэзыдэнта.

Графік 1. Гатовыя галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах: разьмеркаваньне паводле полу, у %

Апошняя частка графіку — разьмеркаваньне паводле полу ўсяго насельніцтва 18 гадоў і старэйшых згодна з дадзенымі перапісу-2009, астатнія часткі графіку — разьмеркаваньне паводле полу гатовых галасаваць за А.Лукашэнку ў адпаведных апытаньнях НІСЭПД

З графіку відаць, што доля жанчын сярод прыхільнікаў прэзыдэнта прыкметна вышэйшая, чым сярод насельніцтва, якое мае права голасу. Гэтая доля вагалася ад апытаньня да апытаньня, але можна канстатаваць некаторы рост гэтай долі цягам 12 гадоў. У сярэднім адхіленьне складала прыкладна 10 працэнтных пунктаў, калі сярод дарослага насельніцтва краіны жанчыны складаюць 55%, то сярод выбарнікаў прэзыдэнта — у сярэднім 64%.

Прыведзены графік не пацьвярджае распаўсюджанага перабольшаньня, што выбарнікі Лукашэнкі — гэта галоўным чынам жанчыны, але відавочна, што доля жанчын сярод гатовых галасаваць за прэзыдэнта істотна вышэйшая, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым.

Варта заўважыць, што разьмеркаваньне паводле полу насельніцтва Беларусі вельмі стабільнае, паводле дадзеных Белстату, у 2005–2016 гадах доля жанчын сярод усяго насельніцтва (ня толькі сярод тых, каму 18 гадоў і больш) складала прыкладна 53,5%.

Графік 2. Гатовыя галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах: разьмеркаваньне паводле месца пасяленьня, у %

Апошняя частка графіку — разьмеркаваньне па месцы пасяленьня ўсяго насельніцтва 18 гадоў і старэйшых паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 году

З графіку відаць, што ў 2005–2011 годзе доля гараджан сярод прыхільнікаў А.Лукашэнкі была прыкметна ніжэйшая, чым сярод дарослага насельніцтва ў часе перапісу 2009 году. Пасьля гэтага назіраўся рост долі гараджан, хоць яна ўсё роўна была ніжэйшая, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым.

Аднак варта браць пад увагу, што за 12 гадоў дасьледаваньняў разьмеркаваньне насельніцтва па месцы пасяленьня зьмянілася. Калі паводле дадзеных Белстату ў 2005 годзе доля гараджан сярод усяго насельніцтва складала 70,8%, то ў 2016 годзе яна павялічылася да 77,6% (рост амаль на 7 працэнтных пунктаў).

Так што рост гараджан сярод прыхільнікаў Лукашэнкі тлумачыцца, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і тым, што доля гараджан вырасла сярод усяго насельніцтва краіны.

І зноў жа — распаўсюджанае перабольшаньне: за Лукашэнку галоўным чынам вёска. Гэта ня так. Большасьць сярод яго прыхільнікаў — гараджане. Але праўда, што доля сялян сярод яго электарату вышэйшая, чым у сярэднім па краіне, прыкладна на 7 працэнтных пунктаў.

Графік 3. Гатовыя галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах: разьмеркаваньне паводле ўзросту, у %

Апошняя частка графіку — разьмеркаваньне паводле ўзросту ўсяго насельніцтва 18 гадоў і старэйшага паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 году

Графік 3 паказвае шчыльную сувязь сымпатыяў да прэзыдэнта і ўзросту. Доля моладзі сярод яго прыхільнікаў прыкладна ў паўтара раза меншая, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым, доля людзей сталага веку (60 гадоў і старэйшых) у паўтара раза (у некаторыя гады — удвая) вышэйшая, чым іх доля сярод насельніцтва, якое мае права голасу. На працягу 12 гадоў можна заўважыць невялікую тэндэнцыю да росту долі моладзі сярод гатовых галасаваць за Лукашэнку, але яна ўсё роўна істотна меншая, чым доля маладых людзей ва ўсім насельніцтве.

Графік 4. Гатовыя галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах: разьмеркаваньне паводле адукацыі, у %

Апошняя частка графіку — разьмеркаваньне паводле адукацыі ўсяго насельніцтва 18 гадоў і старэйшага паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 году

Адукацыя — адзін з самых моцных фактараў, які абумоўлівае гатоўнасьць галасаваць за А.Лукашэнку. Сярод яго прыхільнікаў доля людзей з адносна нізкай адукацыяй (без адукацыі + пачатковая адукацыя + базавая адукацыя) удвая (у некаторыя гады — утрая) вышэйшая, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым.

З другога боку, доля людзей з вышэйшай адукацыяй сярод гатовых галасаваць за Лукашэнку істотна ніжэйшая, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым, пры гэтым за 12 гадоў адбыўся некаторы рост долі высокаадукаваных сярод электарату прэзыдэнта.

***

Падводзячы вынікі, варта сказаць, што сацыяльна-дэмаграфічная структура электарату прэзыдэнта істотна адрозьніваецца ад гэтай структуры ўсяго дарослага насельніцтва: сярод прыхільнікаў Лукашэнкі крыху вышэйшыя долі жанчын і вяскоўцаў, і вельмі істотна вышэйшыя долі людзей старога веку і адносна нізкага ўзроўню адукацыі. Пры гэтым гэтыя структурныя асаблівасьці аказваліся больш устойлівымі, чым сам па сабе рэйтынг кіраўніка дзяржавы, яго рэйтынг за гэтыя 12 гадоў мяняўся больш істотна, чым структура яго электарату. Можна меркаваць, што і на сёлетніх выбарах яна застанецца прыкладна такой жа.

Перадрук з парталу TUT.BY

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.