Сьледчы камітэт пра затрыманых баевікоў: Яны не зьбіраліся ляцець у Стамбул

Санаторый «Беларусачка», дзе меркавана 29 ліпеня затрымалі расейскіх баевікоў «ПВК Вагнера»

Затрыманыя ў Беларусі 33 грамадзяніна Расеі не зьбіраліся ляцець у Стамбул, нягледзячы на тое, што мелі квіткі на самалёт. Пра гэта паведаміў 31 ліпеня ў эфіры тэлеканала АНТ кіраўнік сьледчай групы Аляксандар Агафонаў.

Паводле Агафонава, квіткі ў Стамбул на 25 ліпеня былі алібі баевікоў, а група была арганізаваная і кіравалася па вайсковым стандартам. Група кіравалася праз чат у WhatsApp, лічыць Агафонаў.

«Усіх затрыманых дапыталі з удзелам абаронцаў. Іх паказаньні супярэчлівы ў мэтах знаходжаньня ў Беларусі. 11 чалавек мелі ляцець у Вэнэсуэлы, 15 накіроўваліся ў Турэччыну, 2 — на Кубу, 1 — у Сырыю. Адзін увогуле не ведаў, куды ляціць. Трое адмовіліся ад даваньня паказаньняў. Выкладае сумнеўным, што ў адным рэйсавым самалёце можна зьдзяйсьняць пералёт у краіны розных кантынэнтаў», — сказаў Агафонаў.

Паводле вядоўцаў навінаў АНТ, баевікі могуць быць зьвязаныя Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам.

29 ліпеня стала вядома, што беларускія спэцслужбы затрымалі больш за 30 расейцаў. СМІ паведамлялі, што расейцы — байцы так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Сьледчы камітэт Беларусі падазрае іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Журналісты таксама выказалі здагадку, што затрыманыя маглі накіроўвацца транзытам празь Менск у Судан або Лібію для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў заявіў, што расейцы — супрацоўнікі прыватнага ахоўнага прадпрыемства. Яны ехалі транзытам у Стамбул у рамках выкананьня абавязаньняў паводле камэрцыйнага кантракту. Мезенцаў таксама дадаў, што затрыманыя мелі намер вылецець у Стамбул 25 ліпеня, але спазьніліся на рэйс з аэрапорта Менску. Пасьля гэтага яны засяліліся групай у санаторый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі пасол у Беларусі: Затрыманыя расейцы пасяліліся ў санаторыі, бо спазьніліся на самалёт

Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў «брудных намерах». Дзярждума і Савет Фэдэрацыі Расеі заявілі, што не зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў назваў беспадстаўным затрыманьне расейскіх грамадзян. Дзеяньні Менску, паводле яго, ня ўкладваюцца ў парамэтры саюзьніцкіх адносін. «Мы спадзяёмся і нават перакананыя, што ў самы бліжэйшы час нашы беларускія калегі разьбяруцца з гэтым інцыдэнтам і адпусьцяць расейскіх грамадзян», — сказаў Пяскоў.