Валер Цапкала падаў у суд на турэцкага бізнэсоўца за зьнявагу

Валер Цапкала, архіўнае фота

Былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнта Валер Цапкала падаў сустрэчны пазоў да турэцкага бізнэсоўца Сэдата Ігдэджы для абароны гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Гэта стала вядома падчас пасяджэньня Першамайскага суду, які праводзіў папярэдняе пасяджэньне з нагоды пазову турэцкага бізнэсоўца да Валера Цапкалы аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Пазоў Валера Цапкалы суд аб’яднаў у адну справу з пазовам Сэдата Ігдэджы.

Прадстаўнік Валера Цапкалы заявіў, што пазоў турэцкага бізнэсоўца беспадстаўны і не падлягае задавальненьню ў поўным аб’ёме. Ён папрасіў суд запатрабаваць матэрыялы, якія пацьвярджаюць выказваньні Валера Цапкалы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкі бізнэсовец кажа, што падаў заяву ў Генпракуратуру на Вераніку Цапкалу і яе сястру

Валер Цапкала ў сваім пазове спаслаўся на несапраўдныя зьвесткі, якія Сэдат Ігдэджы распаўсюдзіў у сваіх інтэрвію ў шэрагу СМІ і якія няславяць яго гонар, годнасьць і бізнэс-рэпутацыю.

Паводле адваката Цапкалы, Сэдат Ігдэджы ў сваіх выказваньнях фактычна абвінавачвае Цапкалу ў службовых злачынствах, хабарніцтве і злоўжываньні службовым становішчам, «заведама лжыва апісвае выкарыстаньне ім службовых паўнамоцтваў і аўтарытэту ў дзяржорганах».

У згаданых інтэрвію Сэдат Ігдэджы сьцьвярджае, што Валер Цапкала нібыта нічога не заплаціў за паслугі праектаваньня і будаўніцтва дома і група кампаній турэцкага бізнэсоўца страціла каля 15 мільёнаў даляраў. Таксама Сэдат Ігдэджы сьцьвярджае, што ён нібыта даў Валеру Цапкалу хабар у 1 мільён даляраў. Пазоўнік патрабуе абвергнуць гэтыя зьвесткі праз разьмяшчэньне выніковай часткі пастановы суду на партале Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкі бізнэсовец падаў яшчэ адзін пазоў супраць Валера Цапкалы — за зьнявагу

Разгляд справы працягнецца 20 жніўня.

Грамадзянін Беларусі, бізнэсовец турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы 24 чэрвеня падаў заяву ў Генпракуратуру аб проціпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы, якога Цэнтарвыбаркам не зарэгістраваў кандыдатам у прэзыдэнты. Паводле гэтай заявы праверку праводзіць Міністэрства ўнутраных спраў, вынікі пакуль невядомыя.

Таксама Сэдат Ігдэджы паведаміў, што падаў заяву ў Генпракуратуру на Вераніку Цапкалу і яе сястру Натальлю Леанюк. Ён вінаваціць жанчын, што тыя спрыялі Валеру Цапкалу ў атрыманьні хабару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд паводле пазову турэцкага бізнэсоўца Ігдэджы супраць Цапкалы за «зьнявагу»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкі бізнэсовец у судзе з Цапкалам 17 разоў згадаў імя яго жонкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Цапкала зь дзецьмі зьехаў у Расею. Яго жонка Вераніка засталася ў Беларусі, удзельнічае ў кампаніі Ціханоўскай