Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэо выпраўляецца ў турнэ па краінах Эўропы

Майк Пампэо

З 11 жніўня дзяржсакратар ЗША наведае Польшчу, Чэхію, Славенію і Аўстрыю. Пампэо таксама выказаў надзею на яшчэ адну сустрэчу з прадстаўнікамі Расеі ў справе стратэгічнай стабільнасьці.

Майкл Пампэо анансаваў турнэ па цэлым шэрагу эўрапейскіх краін у сьвятле абвешчанага частковага вываду амэрыканскіх вайскоўцаў зь Нямеччыны. Адпаведную заяву кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі зрабіў у сераду, 5 жніўня, на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне.

Так, пачынаючы з 11 жніўня ён наведае Польшчу, Чэхію, Славенію і Аўстрыю. Гэта будзе «вельмі важная і плённая паездка», выказаў надзею Пампэо.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюць

Акрамя таго, кіраўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў ходзе размовы з журналістамі пракамэнтаваў ход перамоваў з РФ аб стратэгічнай стабільнасьці. «Мы дамагліся прагрэсу. У нас адбыліся дзьве сустрэчы», — заявіў Майк Пампэо. «Спадзяюся, неўзабаве пройдзе яшчэ адна», — дадаў дзяржсакратар.

Кансультацыі міжведамасных дэлегацый Расеі і ЗША, на якіх абмяркоўваліся актуальныя пытаньні ў сфэры міжнароднай бясьпекі і кантролю над узбраеньнямі, прайшлі з 27 па 30 ліпеня ў Вене.

Амэрыканскія вайскоўцы апошнім часам усё больш канцэнтруюцца на абароне сваіх спадарожнікаў ад дзяржаў-канкурэнтак. Спадарожнікавыя магчымасьці такіх краін, паводле дадзеных Вашынгтону, могуць пагражаць арбітальнай групоўцы ЗША.

Акрамя таго, Вашынгтон баіцца іншай вайсковай актыўнасьці ў калязямной прасторы. Так, касьмічнае камандаваньне ЗША заявіла, што мае доказы таго, што Расея выпрабавала супрацьракетную зброю касьмічнага базаваньня. Масква гэтыя сьцьвярджэньні зьняпраўдзіла.