Кіраўнік Эўрапарлямэнту: Гвалт уладаў Беларусі над уласным народам заслугоўвае санкцыяў

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Давід Сасолі

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Давід Сасолі заявіў пра сваю занепакоенасьць гвалтам беларускіх уладаў у дачыненьні да ўласнага насельніцтва.

«Я глыбока занепакоены гвалтам, які дзяржаўныя ўлады ўжываюць супраць людзей, якія мірна дэманструюць сваё імкненьне да пераменаў», — гаворыцца ў адмысловай заяве кіраўніка Эўрапарлямэнту, апублікаванай у чацьвер на сайце прадстаўнічай асамблеі ЭЗ.

«Беларусы маюць права пратэставаць і выказваць свой гнеў супраць аспрэчваных вынікаў выбараў і непразрыстага выбарчага працэсу, якія не адпавядалі мінімальным міжнародным стандартам», — сказаў Сасолі.

Ён заклікаў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку «спыніць рэпрэсіі і ўстрымлівацца ад далейшага гвалту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі ЭЗ у дачыненьні да ўладаў Беларусі могуць быць прынятыя да канца жніўня

Паводле яго, «ужыцьцё праваахоўнымі службамі грубай сілы супраць уласнага народу, якое прыводзіць да гібелі або раненьняў, павінна мець наступствы ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, улучна з мэтавымі санкцыямі».

Раней у чацьвер у твітэры Сасолі ўжо заклікаў Лукашэнку «неадкладна вызваліць затрыманых» і заявіў, што «жыхары Беларусі маюць права на пратэст».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз асудзіў пасьлявыбарчы гвалт у Беларусі і заклікае вызваліць затрыманых

У пятніцу пазачарговая Рада ЭЗ па замежных справах абмяркуе сытуацыю ў Беларусі. Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль ад імя Эўразьвязу заклікаў беларускія ўлады «пакласьці канец гвалту, вызваліць усіх незаконна затрыманых асобаў і неадкладна вярнуцца на шлях належных дэмакратычных і плюралістычных паводзін, прыступіўшы да дыялёгу з грамадзтвам».

«У адваротным выпадку нам давядзецца перагледзець нашы адносіны зь Беларусьсю і ў канчатковым выніку прыняць санкцыі супраць вінаватых у гвалце, незаконных арыштах і фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Мы абмяркуем гэтае пытаньне ў пятніцу, 14 жніўня, на скліканай мною пазачарговай Радзе па замежных справах», — напісаў Бурэль у сваім блогу.