«Беларусы заслугоўваюць на нашу падтрымку». Прэзыдэнт Нямеччыны заклікаў Лукашэнку да дыялёгу з пратэстоўцамі

Франк-Вальтэр Штайнмаер

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заклікаў Аляксандра Лукашэнку пайсьці на дыялёг з пратэстоўцамі і адмовіцца ад гвалту праваахоўных органаў над дэманстрантамі.

«Я заклікаю прэзыдэнта Лукашэнку да перамоваў. Спадзявацца не на гвалт, а на дыялёг. Я зьвяртаюся да беларускіх вайскоўцаў, каб яны не грашылі гвалтам над уласным народам», – адзначаецца ў заяве, абнародаванай 17 жніўня на афіцыйным сайце прэзыдэнта Нямеччыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Эўрапейскай рады склікае саміт, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі

«Навіны і кадры зь Беларусі драматычныя і кранальныя адначасова. Я захапляюся мужнасьцю людзей пасьля гвалту за апошнія некалькі дзён. Грамадзяне гэтай шматпакутнай, але гордай краіны заслугоўваюць нашай салідарнасьці і падтрымкі», – заявіў прэзыдэнт Нямеччыны.