У Горадні па-італьянску страйкуе «Гроднажылбуд»

Работнікі застаюцца на працоўных месцах, але запэўніваюць, што ніхто, акрамя кіраўніцтва, не працуе.

Некалькі сотняў работнікаў «Гроднажылбуду» сустрэліся з кіраўніцтвам прадпрыемства і вобласьці ўдзень 17 жніўня.

Тры галоўныя патрабаваньні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваліць вязьняў, спыніць гвалт над мірнымі грамадзянамі.

Людзі выгукалі: «Лукашэнка, сыходзь!»

Намесьнік старшыні аблвыканкаму Ўладзімер Дзяшко зьлева, генэральны дырэктар «Гроднажылбуд» Алег Ушкевіч

«Міністар сказаў, што пацярпелі 120 амапаўцаў. Хто адкажа за 7,5 тысяч, забітых маральна і пацярпелых фізычна?.. Мы не выстаўляем патрабаваньні наконт заробку. У нас адно патрабаваньне — зьняць падманнае кіраўніцтва: ЦВК, урад... Ён (Лукашэнка. — РС) ня можа нават нармальна зьвярнуцца да людзей, адныя пагрозы», — выказаўся работнік «Гроднажылбуд» з 20-гадовым стажам Генрых Станіслававіч.

Выступае Генрых Станіслававіч

Генэральны дырэктар «Гроднажылбуду» Алег Ушкевіч паведаміў людзям, што прастой на прадпрыемстве выліваецца штодня ў 1 мільён рублёў. За 4 дні прастою «Гроднажылбуд» згубіў 4 мільёны рублёў.

Генэральны дырэктар «Гроднажылбуд» Алег Ушкевіч

На мінулым тыдні работнікі дамовіліся з кіраўніцтвам працаваць па чатыры гадзіны на дзень, рэшту дня страйкаваць. Аднак некаторыя СМІ паведамілі, што будаўнічыя арганізацыі працуюць у штатным рэжыме, гэта справакавала абурэньне работнікаў і стопрацэнтную забастоўку.

Адна з работніц запэўніла, што як толькі выканаюць іхныя патрабаваньні, яны пачнуць працаваць з новымі сіламі і натхненнем і кампэнсуюць страчанае. Супрацоўнікі папрасілі дырэктара Алега Ушкевіча вывесіць на будынку прадпрыемства бел-чырвона-белы сьцяг як сымбаль свабоды, аднак генэральны дырэктар адказаў, што вешаць на будынак можна толькі дзяржаўныя сымбалі. З словамі, што яму трэба працаваць, ён сышоў са сходу.

Разышліся па працоўных месцах таксама работнікі, каб іхны страйк не расцанілі як прагулы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.