Ня выйшлі з друку чарговыя нумары «Камсамолкі» і «Народнай волі»

Дом друку ў Менску

Гэта ўжо трэці нумар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии», які ня даў рады выпусьціць Дом друку.

Раней «Камсамолцы» казалі, што прычына ў зламаным станку. Гэтым разам пра станок ня згадвалі.

Сёньня таксама ня выйшла з Дому друку газэта «Народная воля». Пра гэта ў Facebook паведаміла намесьніца галоўнага рэдактара газэты Марына Коктыш.

У апошнім нумары, які змог выпусьціць Дому друку на мінулым тыдні, «Камсамолка» расказала пра міліцэйскі гвалт па ўсёй краіне як да людзей, якія выйшлі на пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў, так і да выпадковых грамадзян. Той нумар раскупілі за лічаныя гадзіны, пісала «Камсамолка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»

Чытачы паведамлялі рэдакцыі, што скупляюць нумары, каб раздаваць іх людзям.

З 2005 да 2008 году некаторыя незалежныя выданьні не прымалі ў друк, падпіску і распаўсюд у Беларусі. Газэты тады друкавалі ў расейскіх друкарнях, разносілі па паштовых скрынях курʼерамі, а прадавалі праз прыватных гандляроў.