«Белпошта» і экспэдыцыя блякуюць дастаўку незалежных газэт да чытачоў, іх чытаць можна ў PDF-фармаце

Аддрукаваныя ў Расеі нумары «Народнай волі»

Чарговы нумар газэты «Народная Воля» ня трапіў да падпісчыкаў і ў кіёскі.

У рэдакцыі запэўніваюць, што пасьля таго, як «Беларускі дом друку» адмовіўся супрацоўнічаць зь шэрагам недзяржаўных выданьняў, аддрукаваны ў Расеі наклад быў своечасова здадзены ў экспэдыцыю.

Аднак да чытачоў нумар так і ня трапіў. Аналягічная сытуацыя і зь беларускім выпускам «Комсомольской правды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэты, якія маюць праблемы з друкам у Беларусі, далі чытачам магчымасьць чытаць іх бясплатна ў PDF-вэрсіі

«Падобна на тое, што чорная ноч апускаецца на Беларусь. Каб схаваць праўду аб беспрэцэдэнтных фальсыфікацыях вынікаў галасаваньня, аб тым, што ў краіне адбывалася пасьля гэтага і адбываецца сёньня, улады пайшлі на блякаду незалежных газэт», — гаворыцца ў звароце калектыву «Народнай волі».

Колькі працягнецца блякада, невядома. А таму кіраўніцтва заклікае спампоўваць сьвежыя нумары «Народнай волі» у разьдзеле «​Архіў газэты»​ і знаёміцца з асобнымі публікацыямі папяровай вэрсіі (яны будуць пазначаныя зорачкай ў загалоўку) на сайце і старонках у сацсетках і тэлеграм-канале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідзе зачыстка інфармацыйнага поля». Другі тыдзень Дом друку не выпускае буйных недзяржаўных газэтаў