У Паўднёвай Асэтыі пасьля гібелі затрыманага — масавыя пратэсты, адстаўка ўраду, пакаяньне прэзыдэнта

Пратэст у Цхінвалі, 29 жніўня

У самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі ад пятніцы праходзяць масавыя акцыі пратэсту, нагодай для якіх стала гібель мясцовага жыхара, раней затрыманага паводле падазрэньня ў замаху на кіраўніка МУС.

Пра сьмерць 28-гадовага Інала Джабіева стала вядома ўвечары ў пятніцу. Пасьля гэтага ў Цхінвалі ля будынка парлямэнту самаабвешчанай рэспублікі пачаўся масавы стыхійны мітынг з патрабаваньнем прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Затым дадаліся палітычныя патрабаваньні — адстаўка вышэйшых чыноўнікаў, аж да прэзыдэнта.

У суботу прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі Анатоль Бібілаў прыняў адстаўку ўраду. Дэпутаты парлямэнту ў суботу сабраліся на экстраную сэсію, на якой запатрабавалі адстаўкі генпракурора.

Бібілаў паведаміў, што восем супрацоўнікаў МУС, якія падазраюцца ў датычнасьці да гібелі Джабіева, знаходзяцца пад сьледзтвам.

17 жніўня службовы аўтамабіль кіраўніка МУС абстралялі зь пісталета. Паводле падазрэньня ў датычнасьці да гэтага злачынства былі затрыманыя Інал Джабіеў і яшчэ два чалавекі. Як паведамляе Кавказ.Реалии, у Джабіева пачалі «выбіваць» паказаньні сілай. МУС паведаміла, што яму стала дрэнна, і яго не пасьпелі выратаваць. Аднак сваякі ўпэўненыя, што яму былі нанесеныя траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Зробленыя ў моргу здымкі цела жорстка пакалечанага Джабіева разышліся па сацсетках. Абураныя людзі выйшлі на народны сход.

Бібілаў вечарам у пятніцу выйшаў да ўдзельнікаў акцыі пратэсту і сказаў, што гатовы сам пайсьці ў адстаўку, калі народ гэтага запатрабуе. У суботу ў сваім звароце ён пра гэта не згадаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне за 4–5 дзён скляпалі, і я стаяў ужо за трыбунай». Што яшчэ Лукашэнка сказаў у інтэрвію ўкраінскаму журналісту


Расея ў 2008 годзе прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі. Там разьмешчаныя расейскія вайскоўцы. Пераважная большасьць краін сьвету працягвае лічыць Паўднёвую Асэтыю часткай тэрыторыі Грузіі. Беларусь незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі не прызнала. У інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону Лукашэнка сьцьвярджаў, што яго нібыта пра гэта прасіў кіраўнік NATO Хавіер Саляна.