Мінэканомікі ня бачыць праблемы ў адмове краінаў Балтыі купляць электраэнэргію зь БелАЭС

БелАЭС у Астраўцы

Менск не выказвае заклапочанасьці з прычыны рашэньня краін Балтыі спыніць куплю электраэнэргіі ў Беларусі пасьля запуску БелАЭС. Гэта патлумачыў у інтэрвію БЕЛТА міністар эканомікі Беларусі Аляксандар Чарвякоў.

Міністар адзначыў, што рашэньне ўрадаў Латвіі, Літвы і Эстоніі, «несумненна, стане дадатковым фактарам для Беларусі, каб паскорыць стварэньне вытворчасьцяў, арыентаваных на спажываньне залішняй электраэнэргіі».

«Калі казаць пра эканамічны бок пытаньня, то станцыя ў першую чаргу стваралася з мэтай зьніжэньня залежнасьці ад паставак газу. І для гэтага плянуецца паступова выводзіць з эксплюатацыі газавыя магутнасьці, якія маральна і фізычна старэюць», — сказаў Аляксандар Чарвякоў.

«Мы плянуем рост узроўню спажываньня электрычнай энэргіі за кошт стымуляваньня разьвіцьця электраіндустрыі», — дадаў ён.

Міністэрства энэргетыкі Літвы раней паведаміла, што тры балтыйскія краіны наблізіліся да канчатковага ўзгадненьня тэхнічных крокаў у салідарным байкоце электраэнэргіі Беларускай АЭС.