Лукашэнка сказаў, што на БТ журналісты «чакалі рэвалюцыі», і падзякаваў Russia Today за дапамогу

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію карэспандэнту расейскага тэлеканалу RT Канстанціну Прыдыбайлу падзякаваў расейскім журналістам за падтрымку ў арганізацыі працы беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня — пасьля масавага сыходу і страйку супрацоўнікаў.

На апублікаваных RT кадрах Лукашэнка кажа, што некаторыя беларускія журналісты пасьля пачатку пратэстаў у краіне «хайпанулі на гэтай тэме».

«Яны ўжо загадзя сфармавалі адзін канал, другі, трэці, калектыў, і чакалі, калі рэвалюцыя адбудзецца. Вы разумееце, у гэты складаны пэрыяд наколькі былі важныя вы для нас. І тое, што вы тэхнічна паказалі, тэхнары вашыя, і журналісты... і кіраўніца вашая. Гэта вельмі дорага каштуе», — кажа Лукашэнка.

Раней агенцтва РБК, са спасылкай на некаторых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, напісала, што дапамогу ў арганізацыі працы каналу — пасьля страйку многіх журналістаў і тэхнічных супрацоўнікаў — пачалі аказваць супрацоўнікі RT.

У прэс-службе RT агенцтву РБК заявілі, што Лукашэнка пахваліў журналістаў расейскага каналу «за добрую працу», але пра дэталі гэтай працы прадстаўнік каналу не паведаміў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Russia Today: Нашы супрацоўнікі на Беларускай тэлевізіі не працуюць

Кіраўніца Russia Today Маргарыта Сіманьян адмаўляла, што супрацоўнікі каналу былі накіраваныя ў Менск для працы ў Белтэлерадыёкампаніі. Аднак Лукашэнка падзякаваў і ёй.