«Не магу сказаць, праз год, два ці паўтара». Макей аб працы над новай Канстытуцыяй 

Уладзімер Макей у Маскве, 2 верасьня 2020 году.

Працэс падрыхтоўкі рэформы Канстытуцыі ідзе, але тэрміны яго завяршэньня пакуль невядомыя, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, піша БелаПАН.

«Што тычыцца канстытуцыйнай рэформы, не магу сказаць, што будуць адпаведныя папраўкі прынятыя праз год, два ці паўтара, — сказаў ён. — Працэс ідзе. Папярэднія як мінімум два варыянты дакладаліся кіраўніку дзяржавы. Створана рабочая група. Ідзе працэс падрыхтоўкі канкрэтных паправак у дзейную Канстытуцыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей у Маскве заявіў, што ў Беларусі спынілі каляровую рэвалюцыю

Макей адзначыў, што будзе праходзіць «грамадзкае абмеркаваньне» гэтых паправак з усімі катэгорыямі насельніцтва.

«Не выключаю, што будзе створаная нейкая структура, у рамках якой будуць абмяркоўвацца папраўкі ў Канстытуцыю. Перакананы, што ў найбліжэйшай будучыні вымалюецца і фармат, і тэрміны завяршэньня працэсу. Гэта самы аптымальны варыянт, не парушаючы заканадаўства, арганізаваць працоўны дыялёг, які прывядзе ў канчатковым выніку да стабілізацыі сытуацыі і дээскаляцыі працэсаў, якія, на жаль, сёньня адбываюцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы з Лукашэнкам затрымлівалі работніка МЗКЦ

17 жніўня падчас сустрэчы з работнікамі Менскага заводу колавых цягачоў Аляксандар Лукашэнка дапусьціў магчымасьць правядзеньня выбараў пасьля прыняцьця на рэфэрэндуме новай Канстытуцыі. І ўжо на падставе новага Асноўнага закону правесьці выбары мясцовых органаў улады, парлямэнта і прэзыдэнта.

Пазьней ён сказаў, што ўлада гатовая весьці дыялёг у пытаньнях абнаўленьня Канстытуцыі, але — ня з «вуліцай».