Не магу маўчаць. «Міліцыя не з народам, як і народ не зь міліцыяй»

«Не магу маўчаць» — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага ліку — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com

Невысокі, кволы, абсалютна не атлетычнага складу чалавек, які сядзіць насупраць мяне ў кавярні, тэарэтычна ў 2010 годзе мог ударыць мяне палкай. Ён быў на Плошчы ў ачапленьні. Не, ён не баец АМАП. Ён былы супрацоўнік крымінальнага вышуку. За некалькі месяцаў да выбараў ён звольніўся зь міліцыі, прадчуваючы, што абавязкі ў жніўні могуць значна пашырыцца і адным ачапленьнем справа ня скончыцца. Ён быў рады служыць, шукаючы рабаўнікоў. Але не зьбіваць грамадзян. Зрэшты, ён сам у шоку ад таго, што выраблялі ягоныя былыя калегі. Таму і не жадае называць свайго імя.

— Праца мне падабалася. Я працаваў за ідэю. Якіх злачынстваў было найбольш? Рабаваньняў. Адкрытыя крадзяжы маёмасьці. Ідзе бабка. Ззаду падбягае чалавек. Выхоплівае торбу і ўцякае. Такіх злачынстваў было шмат. Мы іх раскрывалі. І было вельмі крыўдна, калі чалавек зрабіў тры такія злачынствы за два дні, быўшы наркаманам, а яму за гэта далі штраф. Бо ў яго былі багатыя сваякі. Выснова напрошваецца сама. Закон прадугледжвае ад 2 гадоў пазбаўленьня волі. Штраф тут не прадугледжаны ўвогуле. Тым больш за такія злачынствы нават умоўна-датэрміновага не даюць. Таму было крыўдна, Што ты працуеш, ня сьпіш уначы, асабістага жыцьця ніякага. Бывала, што працаваў па месяцу без выходных. Мог уставаць а пятай раніцы і прыходзіць а другой гадзіне ночы. Гэта не аплачвалася, але я працаваў за ідэю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Я прыйшоў прасіць звальненьня, бо эмацыйна выгараў“

Калі дзейнічаць выключна законнымі мэтадамі, шмат не даб’есься. На вуліцах будзе зашмат бандытаў. Ёсьць розныя мэтады. Калі чалавек кажа, што ён гэтага не рабіў, а яго б’юць нагамі, акунаюць ва ўнітаз галавой... Гэта, па-мойму, трошкі перабор. Бо можна правесьці тую ж работу іншымі сродкамі, праз сродкі мабільнай сувязі. Але па гаворцы чалавека можна вызначыць, ці варта прымяняць больш дзейсныя меры. Мне да гэтае пары сорамна... Да некаторых затрыманых прымянялася фізычная сіла. І білі, і акуналі, і рабілі „ластаўку“, калі чалавек ляжыць на жываце са зьвязанымі рукамі і нагамі. І пасьля на судзе, калі асоба падае скаргу, цябе выклікаюць у якасьці сьведкі. Судзьдзя пытае, ці прымянялася фізычная сіла да асуджанага кім-небудзь у вашай прысутнасьці. І ты кажаш: „Не прымянялася“. Бо цудоўна разумееш, чым гэта скончыцца. Калі ўсё расказаць, там можна звольніць усіх. І пасадзіць, і звольніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Адразу пасьля выбараў нам у дзяржаўных СМІ на трыста рублёў падвысілі аклад“

Міліцыю на мітынгі задзейнічаюць у кожным выпадку. Іх, як правіла, ставяць у ачапленьне. Я ў 2010-м стаяў у ачапленьні на Плошчы. Мы стаялі са шчытамі, трымалі пэўны адрэзак, каб людзі не прайшлі. Ёсьць АМАП. У іх вельмі добрая амуніцыя, у іх вельмі добрая зарплата, ім цяпер вельмі добра жывецца. У іх розная форма. І чорная, і камуфляж. Маскі цяпер носяць усе. Каб іх не пазнавалі і не цкавалі. Ёсьць яшчэ антытэрарыстычнае падразьдзяленьне „Алмаз“, якому дазволена многае. Раней АМАП ня мог страляць з драбавікоў гумовымі кулямі. Але гады чатыры назад ім далі на гэта дазвол. У „Алмаза“ рыштунак лепшы. Калі заўважалі на форме зялёныя трохкутнічкі — гэта „Алмаз“. Гэта жорсткія хлопцы. У іх ёсьць загад, яны яго выканаюць. Хоць якімі сродкамі. У мяне была сытуацыя, калі мы з АМАПам траплялі ў кватэру. І ўсе ляжалі на падлозе з разьбітымі тварамі. Бо як толькі ты падымаеш галаву, каб нешта сказаць — цябе б’юць. І пакуль ты не зразумееш, што ня трэба падымаць галаву, цябе будуць біць. АМАП і „Алмаз“ цяпер сталі аднолькавыя. Проста „Алмаз“ выкарыстоўваецца ў больш сур’ёзных пытаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Наш пратэст запавольваецца не ад таго, што мы ня палім пакрышак»

Адна мая былая калега мне пісала пасьля 12 жніўня, што яна ў гістэрыцы, ня ведае, што рабіць. Ці то звальняцца, ці то заставацца. Зразумела, яна не выходзіць на вуліцы са шчытом. Але людзей прывозяць у пастарунак. Яна бачыць, што зь імі робяць. Яна ведае, што складаюць “левыя” пратаколы. Пратаколы складаюцца паводле аднаго сцэнару ўжо шмат гадоў. Бярэцца аднолькавая фабула. Усё напісана. Адзінае, што трэба, — паставіць месца і час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Як можна працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля таго, што адбылося на Акрэсьціна“

Прысяга, якую ты даваў... „Служыць народу“. Але, акрамя „служыць народу“, ёсьць яшчэ закон аб ужываньні зброі, спэцыяльных сродкаў і фізычнай сілы. Калі ты атрымліваеш зброю і ходзіш у цір страляць, ты перад страляньнем інструктару гаворыш правіла. Што забаронена, што дазволена. Гаворыш, што страляць па людзях дапускаецца толькі ў той момант, калі ідзе непасрэдная пагроза жыцьцю супрацоўніка ці людзям навокал. Калі іншымі сродкамі нельга злачынцу абясшкодзіць. Калі ты выйшаў з палкай, дык якая тут прамая пагроза? Калі навокал стаяць дзясяткі міліцыянтаў. Яны ня могуць яго пакласьці так? Я ўжо маўчу пра гранаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. Як сыходзіў Купалаўскі тэатар

Пра гвалт гумовымі палкамі. Я веру. Бо ў мяне ёсьць знаёмая, сяброўку якой згвалцілі дубінкай. Парвалі шыйку маткі. Я б ня верыў, каб ня знаў гэтых людзей. Але я іх знаю. Ня думаю, што гэта быў такі загад. Але загад біць палкамі быў дакладна. Інакш бы ўсе спрэс так не малацілі. На маёй памяці такога не было. Для мяне гэта дзіка. Я быў у шоку, калі пабачыў гэтыя кадры зьбіваньня. І яшчэ памятайце, што байцы АМАП і „Алмаз“ пры затрыманьні і ўжываньні фізычнай сілы ніякай адказнасьці не нясуць. Таму ім нічога за гэта ня будзе. Калі чалавека хапаюць на вуліцы людзі ў цывільным і нехта прыходзіць пісаць заяву... Маўляў, схапілі чалавека незразумелыя людзі ў машыне без нумароў. Гэтую заяву ў міліцыі прымуць. Але пасьля прыедзе нейкі чалавек з КГБ і забярэ гэтую заяву. І яна зьнікне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу быць са сваім народам» — былая вядучая Пытлева пра два лягеры і пра норавы на БТ

Няма ніякага „азьвярыну“. Ідзе ідэалягічная апрацоўка. “Вось, папрыяжджалі з Польшчы, праплачаныя правакатары. Не паддавайцеся!” Піша мне адзін былы саслужывец. „Навошта ты ходзіш на мітынгі? Ты ж парушаеш закон!“ — „Які закон? Тое, што лупяць палкамі, гэта не парушэньне закону?“ — „Гэта правакатары!“ У чалавека башка проста забітая тым дзярмом, якое туды ўлілі. У іхных вачах усе гэтыя людзі на плошчы — быдла, якое прыехала з Польшчы, з Украіны. І калі я працаваў у міліцыі, у мяне была такая ж думка. Палова людзей — усялякія ўкраінцы, палякі, літоўцы, латышы. Другая палова — футбольныя фанаты, якія хочуць анархіі. Фанатаў асабліва ня любяць. Але цяпер я бачу гэтых людзей на мітынгу. Проста прыемна воку. Разумныя, інтэлігентныя, годныя. А мітынг за Лукашэнку... Сваім мянтоўскім вокам таксама бачу, хто там. Замбаваныя пэнсіянэры і нейкія алькагалічкі. Па ёй жа відаць, што яна ня першы дзень бухае. Напэўна, за здароўе Аляксандра Рыгоравіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя беларускія спартоўцы заклікалі калегаў аб’яднацца і падтрымаць пратэсты

Людзі, якія хочуць падарыць кветачку амапаўцу, ня ведаюць адваротнага боку ланцуга. Я, калі праходзіў навучаньне... А гэта адбывалася летам, у трыццаціградусную сьпёку. У мяне было некалькі заняткаў запар па паўтары гадзіны. Камуфляж, берцы, цяжкая бронекамізэлька, мэталічны шчыт, дубінка, шалом зь перабітай прылбіцай, у якім ні хера ня бачыш. Плюс яшчэ цячэ пот цурком на вочы. Стойка „да бою“. Ты крыху прыгінаесься, шчыт узьняты. Плюс на цябе зьлева цісьне рука калегі. Бо твая рука таксама на плячы суседа. І так ты стаіш паўтары гадзіны. У гэты момант ты ненавідзіш усіх, хто стаіць з таго боку. Усіх ненавідзіш. Сяржанты, якія білі па шчытах, вырывалі шчыты... Хочацца проста дубінкай распалавініць яму чэрап. Таму ўсе гэтыя лёзунгі „Міліцыя з народам“… Ні міліцыя не з народам, ні народ не зь міліцыяй.