Пракурор патрабуе па 3 гады зьняволеньня для маладачанцаў, на якіх амапавец наставіў пісталет 

Пратэстоўцы ў Маладэчне

28 верасьня ў Маладэчне дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд пакараць Паўла Пяскова і Ўладзіслава Еўсьцігнеева пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

За штурханіну зь сілавікамі 19 чэрвеня мужчыны абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу — супраціў супрацоўніку міліцыі, зьвязаны з ужываньнем гвалту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК паведаміў пра двух падазраваных у справе сутычкі зь міліцыянтамі ў Маладэчне

Паўла Пяскова, якому падчас судовых разьбіральніцтваў зьмянілі меру стрыманьня з хатняга арышту на заключэньне пад варту, пракурор Сяргей Габруковіч прапанаваў пазбавіць волі на 3 гады і 3 месяцы ў калёніі агульнага рэжыму. Уладзіслава Еўсьцігнеева — на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Абвяшчэньне прысуду судзьдзя Вікторыя Паляшчук прызначыла на 29 верасьня а 10-й раніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы сабралі зьвесткі пра 250 крымінальных спраў супраць удзельнікаў выбараў і пратэстаў

16 верасьня суд Маладэчанскага раёну пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Паўла Пяскова і Ўладзіслава Еўсьцігнеева, удзельнікаў акцыі салідарнасьці 19 чэрвеня.

Тады маладачанцы адбілі ў сілавікоў аднаго з затрыманых. Кадры штурханіны каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі розгалас, бо ў нейкі момант у руках аднаго з амапаўцаў аказаўся пісталет.