Лідэры краінаў Эўразьвязу абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі 1 кастрычніка

Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль

Абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі ўключана ў парадак дня спэцыяльнага саміту Эўрапейскай рады, які адбудзецца 1-2 кастрычніка ў Брусэлі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у сваім запрашальным лісьце да чальцоў рады.

Лідэры краінаў Эўразьвязу абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі ў чацьвер, 1 кастрычніка, пасьля абмеркаваньня адносінаў паміж Эўразьвязам і Кітаем.

«У канцы пасяджэньня мы абмяркуем бягучыя пытаньні, якія патрабуюць нашай увагі, а менавіта сытуацыю ў Беларусі, атручэньне Аляксея Навальнага і эскаляцыю канфлікту ў Нагорным Карабаху», — гаворыцца ў лісьце.

На гэтым пасяджэньні павінны разгледзець пытаньне санкцый Эўразьвязу супраць беларускіх уладаў. 2 кастрычніка пройдзе галасаваньне аб гэтым пытаньні.

У канцы верасьня краіны Балтыі ўжо абвясьцілі санкцыі ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ больш за 100 службовых асобаў. Ім забаронены ўезд у Літву, Латвію і Эстонію.

Спэцыяльны саміт Эўрапейскай рады павінен быў прайсьці 24-25 верасьня, аднак яго адклалі на пачатак кастрычніка. Прычынай пераносу стала тое, што выявілі COVID-19 у ахоўніка, зь якім Мішэль меў кантакт. Старшыня Эўрапейскай рады пайшоў на карантын.