Крыптабіржа адмовілася выдаваць уладам Беларусі пэрсанальную інфармацыю фонду салідарнасьці BYSOL

Ілюстрацыйнае фота

Зарэгістраваная ў Лёндане крыптабіржа KUNA.IO адмовілася выдаваць Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі пэрсанальную інфармацыю аб апэрацыях, зьвязаных з Фондам салідарнасьці BYSOL.

Як распавёў кіраўнік біржы Міхаіл Чабанян, на мінулым тыдні ў кампанію прыйшоў ліст ад ДФР КДК з просьбай прадставіць ідэнтыфікацыйнаыя дадзеныя ўдзельнікаў транзакцый, зьвязаных з працай Фонду салідарнасьці BYSOL / Belarus solidarity foundation, які дапамагае тым, хто страціў працу з палітычных прычынаў.

«Паважаныя супрацоўнікі дзяржорганаў РБ. Публічна вам адказваю.

1) Мы, як і ўвесь цывілізаваны сьвет, не падтрымліваем гвалт і адмову ад дыялёгу з апанэнтамі. Пачытайце артыкул 3 Канстытуцыі РБ. Народ зрабіў свой выбар!

2) У адрозьненьне ад нашых калегаў з кітайскіх пляцовак, мы не зьліваем інфармацыю аб нашых карыстальніках», — напісаў заснавальнік KUNA.IO у сваім Тэлеграме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тыдзень на падтрымку сілавікоў, якія сышлі з органаў, і звольненых рабочых прадпрымальнікі сабралі $1,5 млн 

Больш за тое, крыптабіржа вырашыла падтрымаць беларусаў і адкрыла для іх збор сродкаў на сваім сайце. «Я зьвязаўся з арганізатарамі фонду BYSOL, і мы стварылі для іх краўдфандинговую старонку» — паведаміў бізнэсоўца.

Пасьля гэтага каардынатар By_help і BYSOL Андрэй Стрыжак з іроніяй падзякаваў кіраўніку ДФР КДК за садзейнічаньне ў зборы сродкаў. «Ігар Анатольевіч, Ваша непрыкметная, але вельмі важная праца на перамены ў краіне не застанецца па-за ўвагай», — напісаў Стрыжак у сваім Фэйсбуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «30% — гэта сілавікі». Хто зьвяртаецца па дапамогу фондаў беларускай салідарнасьці і як яны працуюць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2000 пацярпелых зьвярнуліся па дапамогу. Як працуюць фонды салідарнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе могуць дапамагчы звольненым, страйкоўцам, пацярпелым. Сьпіc