Засакрэчаныя дармаеды. У лістападзе абяцаюць абнавіць базу насельніцтва, не занятага ў эканоміцы 

Акцыя супраць дэкрэту аб дармаедах, 2017 год

Улады працягваюць выяўляць дармаедаў, але па-ранейшаму не агучваюць іх колькасьць. На пачатку лістапада павінны абнавіць базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва.

Tut.by ацаніў, колькі ўтрыманцаў знаходзяць, каго абкладаюць па поўных тарыфах і чаму ў сьпісы заносяць студэнтаў, пэнсіянэраў і салдат тэрміновай службы.

Ад леташняга студзеня тыя, каго аднесьлі да ўтрыманцаў, ужо аплачваюць гарачае водазабесьпячэньне па поўных тарыфах. Пачынаючы зь 1 траўня наступнага году, гэта будзе тычыцца таксама газа- і цеплазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дармаедам» зноў адтэрмінавалі плату за ацяпленьне

Тым часам у «дармаеды» ўключаюць некаторыя катэгорыі, якім там ня месца: студэнтаў, салдат тэрміновай службы, пэнсіянэраў. Чыноўнікі абяцалі выключыць тых, хто трапіў у сьпіс памылкова або хто пацьвердзіць занятасьць. Сустракаліся выпадкі, што чалавек зьехаў за мяжу або яго ўжо няма ў жывых, а яго ўсё роўна залічваюць у «дармаеды». У базу нават уключылі дзяўчыну, якая 20 гадоў таму загінула ў цісканіне на Нямізе.

Дагэтуль невядома, колькі чалавек дзяржава лічыць «не занятымі ў эканоміцы». Раней міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч заяўляла, што ў базе прыкладна 500 тысяч. Адкуль столькі «ўтрыманцаў», чыноўніца не ўдакладніла. Да канца лютага 2019 году колькасьць скарацілася — стала крыху больш за 420 тысяч. Хоць у ведамстве прагназавалі, што пасьля «рэвізіі» застанецца істотна меней — каля 250 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітычная пандэмія». Незалежныя прафсаюзы патрабуюць дапамогі найбольш уразьлівым групам 

На першым этапе дармаеды павінны быці цалкам аплачваць падагрэў вады. Субсыдыяваная цана складае 20,6 рубля за 1 Гкал, поўны кошт ледзь ня ў пяць разоў большы — 92,25 рубля.

Улады прагназавалі, што «дармаедзкія» жыроўкі атрымаюць парадку 50 тысяч чалавек. Іх дасылаюць перадусім тым, хто мае ва ўласнасьці кватэры. Аднак і цяпер няма дакладнай колькасьці тых, хто плаціць за гарачую ваду па поўных тарыфах.