ЗША пашыраць санкцыі супраць «Паўночнага патоку — 2»

ЗША пашыраць санкцыі супраць праекту будаўніцтва расейскага газаправоду «Паўночны паток — 2». Цяпер яны закрануць кампаніі, якія ажыцьцяўляюць паслугі або фінансаваньне для ўстаноўкі абсталяваньня на суднах, якія ўдзельнічаюць у праекце. Гэта можа спыніць работы па ўкладцы труб газаправоду.

Праект прадугледжвае будаўніцтва дзьвюх нітак газаправоду агульнай магутнасьцю 55 мільярдаў кубамэтраў газу ў год ад узьбярэжжа Расеі да Нямеччыны па дне Балтыйскага мора. Меркавалася, што ўкладка труб будзе завершаная ў 2019 годзе. Аднак праца была прыпыненая пасьля таго, як Кангрэс ЗША прыняў пакет санкцый супраць удзельнікаў работ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Эўракамісіі: «Паўночны паток — 2» — палітычны праект

ЗША выступаюць супраць праекту, сьцьвярджаючы, што ён робіць Эўропу празьмерна залежнай ад расейскага газу і дазволіць узмацніць палітычны ціск на Ўкраіну, празь якую газ транспартуецца ў Эўропу цяпер.

Такую пазыцыю падзяляюць Кіеў і некалькі краін ЭЗ. Расея, Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краін, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што гаворка ідзе выключна пра бізнэс-праект.

Паводле ацэнкі Bloomberg, засталося пракласьці крыху больш за 100 кілямэтраў труб. 25 верасьня праект падтрымаў міністар эканомікі Нямеччыны Пэтэр Альтмаер. 17 кастрычніка міністар замежных спраў гэтай краіны Гайка Маас заявіў у інтэрвію RND, што лічыць, што праект будзе даведзены да канца.