«Мы ўсё запісваем»: у інтэрнэце зьявіўся праект грамадзкага расьсьледаваньня парушэньняў правоў пратэстоўцаў 

Пацярпелы падчас разгону мірнай акцыі.

Спэцыяльны праект «23.34» — гэта інтэрнэт-сайт, дзе кожны чалавек, якога затрымалі паводле артыкулаў 23.34 ці 23.4 КаАП і сумежных, можа падзяліцца сваёй гісторыяй.

Пацярпелым прапануюць расказаць, як іх затрымлівалі, згадаць пра ўмовы ў ізалятарах і турмах.

Гэта сумесная ініцыятыва штабу зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, плятформы «Голас», Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, Каардынацыйнай рады і ініцыятывы «Честные люди».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Укусіла за сьцягно». На ўдзельніцу жаночага маршу, якую жорстка затрымалі ў тралейбусе, завялі крымінальную справу

«23.34 — лічбы, якія ўлетку 2020 году даведалася ўся Беларусь. Гэта артыкул пра парушэньне арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Артыкул, на падставе якога беларусаў затрымліваюць без прычыны, даюць ім суткі і штрафы, б’юць і зьдзекуюцца. Артыкул, якога ў новай Беларусі быць не павінна, таму што само яго існаваньне парушае Канстытуцыю», — адзначаюць ініцыятары кампаніі.

На гэты момант на сайце сабрана больш за 600 гісторый.