МЗС Літвы накіравала ноту ў Менск з прычыны інцыдэнту на БелАЭС

Аляксандар Лукашэнка адкрывае Беларускую АЭС. Астравец, 7 лістапада.

Міністэрства замежных спраў Літвы перадало ноту ў МЗС Беларусі аб наданьні афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт пры пуску энэргіі на БелАЭС, паведамляе літоўскае замежнапалітычнае ведамства.

У МЗС адзначаюць, што Літве і ўсёй міжнароднай супольнасьці важна кіравацца афіцыйнай і фактычнай інфармацыяй аб сытуацыі на Беларускай АЭС.

«Таму ад Беларусі патрабуецца неадкладны адказ наконт інцыдэнту, яго прычын і ўплыву на працэс пуску АЭС і гарантаваньне ядзернай бясьпекі», — гаворыцца ў заяве МЗС Літвы.

У ноце таксама адзначаецца важнасьць гарантаваньня культуры бясьпекі на АЭС у Беларусі і паўтараецца заклік да Беларусі прыпыніць запуск АЭС да таго часу, пакуль ня будуць цалкам выкананы самыя высокія стандарты ядзернай бясьпекі, экалягічныя патрабаваньні і рэкамэндацыі працэсу стрэс-тэставаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС спыніла выпрацоўку электраэнэргіі. Чым гэта пагражае?

На першым блёку БелАЭС паламалася электратэхнічнае вымяральнае абсталяваньне

Міністэрства энэргетыкі паведаміла пра паломку на першым энэргаблёку Беларускай АЭС, які ўрачыста адкрывалі 7 лістапада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

«На першым энэргаблёку Беларускай АЭС працягваецца этап „Энэргетычны пуск“. Гэты этап прадугледжвае рэжымы працы энэргаблёку на розных узроўнях магутнасьці (да 500 МВт), а таксама праверку ўстойлівасьці працы энэргасыстэмы пры неаднаразовым яе паніжэньні. У ходзе выпрабаваньняў, якія праводзяцца ў адпаведнасьці з праграмай гэтага этапу, выяўлена неабходнасьць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталяваньня. Работы для замены гэтага абсталяваньня ажыцьцяўляюцца згодна з тэхналягічным рэглямэнтам. Цяпер на энэргаблёку праводзяцца выпрабаваньні і работы ў адпаведнасьці з этапнай праграмай. Усе тэхналягічныя сыстэмы функцыянуюць у штатным рэжыме», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Мінэнэрга.

Паводле Tut.by, выбухнула некалькі трансфарматараў, прызначаных для вымярэньня напружаньня ў сілавых электрычных ланцугах, на адным з агрэгатаў, зьвязаных з генэратарам. Расьсьледаваньне, аднаўленьне схемы выдачы магутнасьці і паўторная наладка зойме шмат часу. Да вытворцы трансфарматараў прад’явяць гарантыйныя прэтэнзіі, але ў найбліжэйшы час станцыя энэргіі выпрацоўваць ня будзе.

Экспэрты кажуць, што на бясьпеку рэактара з пункту гледжаньня працёку радыяцыі такі інцыдэнт не ўплывае.