Прымушалі поўзаць, білі, зьдзекаваліся. Што СК адказаў на заявы жыхароў Гомля пра міліцэйскі гвалт

Сьляды ад зьбіцьця на нагах праграміста Максіма

З гвалтам і зьдзекамі сутыкнуліся ў жнівеньскія дні жыхары Гомля. Сьледчы камітэт дагэтуль «праводзіў праверкі». Цяпер даў адказы, што «праверка прыпыненая да правядзеньня экспэртызы».

«Якая яшчэ можа быць экспэртыза? Сына зьбілі на горкі яблык у жніўні. Ён зьняў пабоі, прайшоў дзьве судова-мэдычныя экспэртызы, яго шмат разоў цягалі на допыты. І вось такі вынік!» — абураецца маці 22-гадовага Аляксея.

Сьляды зьбіцьця на целе 22 гадовага Аляксея

Ён, як і яго сябар, таксама Аляксей, атрымалі ад сьледчых аднолькавыя паперы: «Праверка прыпыненая». Аналягічныя адказы атрымалі яшчэ сама менш сем жыхароў Гомля.

«Паўсюль ляжалі выбітыя зубы»

22-гадовы Аляксей разам зь сябрам вярталіся вечарам 12 жніўня дахаты. Іх спынілі супрацоўнікі АМАП, абшукалі. Потым зацягнулі ў аўтазак і пачалі біць — рукамі, нагамі, дручкамі. На хлопцаў крычалі, што яны «фашысты», і што іх варта паставіць да сьценкі і расстраляць. У Цэнтральным РАУС маладых людзей зноў білі. Аляксею зрабілася блага, ён з чэрапна-мазгавой траўмай трапіў ноччу ў шпіталь.

Актывіста супольнасьці «Страна для жизни» Дзьмітрыя Лукомскага схапілі 11 жніўня.

«Яны паклалі мяне тварам у падлогу, як усіх затрыманых, і білі жорстка — па галаве, па вушах, па нагах — дубінкай. Падыходзілі па чарзе і білі нагамі ў пахвіну. Калолі мяне іголкамі. Навошта? Я ня ведаю. Начаплялі на мяне нейкіх значкоў, кшталту апазыцыйных, здымалі гэта на камэру. Зноў білі. Я ляжаў на падлозе і бачыў, як усюды валяюцца выбітыя зубы, шмат зубоў. Людзі крычалі вельмі страшна, а міліцыянты крычалі: «Падпісвай, сука, падпісвай!» — кажа Дзьмітрый.

Яго таксама прымушалі крычаць: «Я люблю міліцыю».

Пасьля вызваленьня Дзьмітрый падаў заяву на зьбіцьцё ў Сьледчы камітэт. Тэрміны праверкі шматкроць працягваліся, потым наогул праверку прыпынілі.

Тым ня менш ціск на Дзьмітрыя ня скончыўся — ён яшчэ тры разы пасьля жніўня адседзеў на «сутках». Хапалі маладога чалавека проста каля пад’езду, як толькі ён выходзіў з кватэры.

Пашкодзілі шыйныя хрыбеткі — ніхто не вінаваты

20-гадовы Павал Пагарцаў быў затрыманы 11 жніўня. «Білі дручкамі, акуналі галаву ва ўнітаз, прымушалі поўзаць па калідоры. З закручанымі назад рукамі ляжалі 18 гадзін», — расказваў Павал. Ён таксама атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія гематомы. І адказ ад сьледчых, што «праверка прыпыненая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму зьдзекуюцца са зьняволеных у беларускіх ізалятарах

Прыпыненая праверка і па заяве 18-гадовай Лізы. Дзяўчыне пашкодзілі шыйныя хрыбеткі. «Я была ў байцы, яны насунулі мне капюшон на галаву і завязалі шнуркі ад яго. Мне не было чым дыхаць, я скардзілася, тым больш у мяне хворае сэрца, а яны толькі ў адказ лаяліся», — расказала Ліза. У РАУС яе паставілі на калені і моцна націскалі ўвесь час на шыю. «Два амапаўцы вагой па 100 кіляграмаў насядалі на мяне, увесь час хапалі за шыю, каб я ніжэй схіляла галаву», — дадала дзяўчына. Потым яна доўга лячылася.

«Яны былі як зомбі»

Не атрымаў абгрунтаванага адказу на сваю заяву аб гвалце і праграміст Максім. «Білі па твары, па галаве, па нагах, ступаках, па ягадзіцах — дручкамі. Падымалі ў позе "ластаўкі". Я ня ведаю, хто біў. Твараў нельга разгледзець, усе ў чорным, у масках. Яны спрабавалі зрабіць зь мяне "каардынатара", прыносілі нажы, нейкія іншыя рэчы, патрабавалі, каб я прызнаўся, што гэта ўсё маё. Потым прывялі хлопца гадоў 17 і патрабавалі ад яго, каб ён прызнаўся, што я падбухторыў яго ўзяць удзел у мітынгу. Той адмовіўся — яны пачалі яго біць пры мне. Я нічога не падпісваў, за гэта мяне білі яшчэ больш. У мяне пералом двух адросткаў у хрыбетніку.

Яны былі як зомбі, зь імі немагчыма было размаўляць», — кажа Максім.