Прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва заклікаў Расею «адыграць больш актыўную ролю ў разьвязаньні крызісу»

Марш пратэсту ў Менску, 6 сьнежня 2020 г.

Анатоль Котаў, адказны ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве (НАК) за зьнешнюю палітыку і гандаль, прадставіў плян для апазыцыі на пераходны пэрыяд, то бок да новых прэзыдэнцкіх выбараў.

«НАК не плянуе рабіць геапалітычны выбар на дадзеным этапе, мы не плянуем разварочваць краіну на Ўсход ці Захад, — сказаў Котаў на прэс-канфэрэнцыі 6 сьнежня. — Беларускае грамадзтва ў стане само вырашыць, якім курсам рухацца падчас і пасьля новых прэзыдэнцкіх выбараў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва апублікавала два сцэнары транзыту ўлады ў Беларусі

Котаў дадаў:

«Яшчэ адна задача НАК на бліжэйшы час — распрацаваць стабілізацыйны плян для Беларусі з удзелам Расеі і Эўразьвязу. Мы лічым, што Расеі час адыграць больш актыўную ролю ў разьвязаньні крызісу ў адпаведнасьці з патрэбамі беларускага народу».

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва — орган, створаны былым міністрам культуры і дыпляматам Паўлам Латушкам як «інстытут дапамогі Каардынацыйнай Радзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка абвясьціў пра стварэньне Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва. Хто туды ўвайшоў