У ЭЗ зацьвердзілі «эўрапейскі акт Магніцкага» — рэжым санкцый за парушэньні правоў чалавека ў сьвеце

Рада Эўразьвязу ў замежных справах зацьвердзіла ў панядзелак без абмеркаваньня пастанову і рэглямэнт наконт глябальных абмежавальных захадаў за сур’ёзныя парушэьнні і злоўжываньні ў галіне правоў чалавека, паведаміў журналіст Радыё Свабодная Эўропа Рыкард Юзьвяк.

«Міністры замежных справаў ЭЗ ухвалілі рэжым санкцый ЭЗ у галіне правоў чалавека. Ён уступіць у сілу 10 сьнежня », - паведаміў Юзьвяк.

Гэтае заканадаўства рыхтавалася даўно і ў многіх СМІ атрымала ўмоўную назву «эўрапейскага акту Магніцкага» паводле аналёгіі з законам ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны прапушчаны дзень — яшчэ адна сьмерць у Беларусі», — Халезін пра эканамічныя санкцыі і прэмію Магніцкага

Новы рамачны дакумэнт аб санкцыях за грубыя парушэньні правоў чалавека накіраваны на фізычных асоб і арганізацыі, як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя.

У адрозьненьне ад ужо дзейных санкцыйных рэжымаў ЭЗ у дачыненьні да канкрэтных краін, ён будзе «тэматычным», а не «геаграфічным», г. зн. забясьпечыць Эўразьвязу гнуткасьць для ўзьдзеяньня на выяўленых ім парушальнікаў правоў чалавека ва ўсім сьвеце, незалежна ад грамадзянства і месца знаходжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лінкявічус: Літва будзе імкнуцца паскорыць увядзеньне новых санкцыяў супраць Беларусі

Прапановы аб унясеньні ў санкцыйныя сьпісы са сваімі абгрунтаваньнямі будуць зыходзіць ад дзяржаваў-удзельніц ЭЗ. Зацьвярджацца яны будуць аднагалосным рашэньнем Рады ЭЗ.

Тым часам, як паведаміў Рыкард Юзьвяк, працу над чарговым пакетам санкцый у дачыненьні да Беларусі Эўразьвяз, як чакаецца, закончыць на наступным тыдні.

«Трэці пакет санкцый ЭЗ супраць Беларусі мае быць завершаны на наступным тыдні. Будзе каля 40 імёнаў - у асноўным фізычных асобаў, але таксама і некалькі юрыдычных», - напісаў Юзьвяк ў твітэры.