Нацыянальны банк патлумачыў, якія сродкі на рахунку могуць арыштаваць

Нацыянальны банк Беларусі растлумачыў сытуацыю з арыштам рахункаў і сьпісаньнем грошай, выплачаных як кампэнсацыя пацярпелым ад гвалту сілавікоў.

Пасьля шматлікіх зваротаў грамадзянаў і работнікаў банкаў Нацыянальны банк разаслаў ліст «Аб накладаньні арышту на грашовыя сродкі», піша infobank.by. У ім банк тлумачыць парадак блякаваньня рахункаў паводле заканадаўчых актаў, як і адбылося пасьля пастановаў Сьледчага камітэту, якія паступілі ў банкі.

Арышт можа накладацца на рэшту грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на банкаўскім рахунку на момант паступленьня ў банк пастановы накласьці арышт, у суме, ня большай за паступленьні з крыніц, названых у пастанове Сьледчага камітэту. Арыштаваць могуць усе сумы, якія паступяць з гэтых крыніц, у тым ліку ў будучыні.

«Калі ў пастанове сказана, што трэба накласьці арышт на грошы, якія паступаюць, напрыклад, з Польшчы, то блякуюцца толькі грошы, якія ўжо паступілі з Польшчы і ёсьць у гэты момант на рахунку. Таксама будуць блякавацца грошы, якія будуць паступаць з Польшчы потым», — тлумачыць выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: By_Help: «Улады сьпісалі грошы ў 500-600 чалавек, якім мы дапамаглі»

Пры гэтым ня можа абмяжоўвацца выдаткаваньне грошай, якія паступяць на рахункі з крыніцаў, якіх няма ў пастанове органу, што вядзе крымінальны працэс. У тым ліку банк не паставіць абмежаваньні на заробкі, пэнсіі ды іншыя выплаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Банкаўская сыстэма Беларусі цалкам захопленая сілавікамі». Андрэй Стрыжак пра блякаваньне дапамогі пацярпелым