312 судзьдзяў — гэта 2846 несправядлівых прысудаў, 706 тысяч рублёў штрафаў і 12 965 дзён арышту

Ілюстрацыйнае фота

Аўтары праекту «23.34. Мы ўсё запісваем», створанага для грамадзкага расьсьледаваньня парушэньняў з боку міліцыі, зьвязаных зь мірнымі акцыямі, сабралі ўжо 4426 гісторыяў затрыманых і асуджаных паводле арт. 23.34 КаАП, а таксама выпадкаў гвалту сілавікоў пры затрыманьні.

У абноўленай статыстыцы судоў над удзельнікамі пратэстаў у Беларусі «А судзьдзі хто?» на сайце 23-34.net сабрана 4368 гісторыяў асуджаных паводле артыкулу 23.34 КаАП «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Усяго:

  • прааналізавана 2846 судовых працэсаў,
  • у іх фігуравалі імёны 312 судзьдзяў,
  • яны агулам прысудзілі 12 965 дзён арышту і 706 237 рублёў штрафаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра вынікі жніўня: забітыя і параненыя, 7500 затрыманых, 41 палітвязень, 0 справаў супраць АМАП

У адпаведнай табліцы можна пабачыць рэйтынг судзьдзяў паводле агульнай колькасьці «сутак» і штрафаў, якія яны прысудзілі. У «топ-5» судзьдзяў, якія прысудзілі найбольш арыштаў і штрафаў:

  1. Максім Трусевіч (Менск, суд Першамайскага раёну) — вынес 75 пастановаў суду, прысудзіў агулам 601 дзень арышту і 16200 рублёў штрафаў,
  2. Анастасія Ляйкоўская (Менск, суд Першамайскага раёну) — 47 пастановаў, прысудзіла агулам 227 дзён арышту і 15174 рублёў штрафаў,
  3. Аляксандар Воўк (Менск, суд Савецкага раёну) — 45 пастановаў, 277 дзён арышту і 12960 рублёў штрафаў,
  4. Вікторыя Шабуня (Менск, суд Цэнтральнага раёну) — 44 пастановы, 236 дзён арышту і 12420 рублёў штрафаў,
  5. Вольга Няборская (Менск, суд Кастрычніцкага раёну) — 41 пастанова, 240 дзён арышту і 10071 рубель штрафаў.

Хто часьцей за іншых даваў штрафы і адпраўляў людзей на «суткі», таксама можна пабачыць на сайце праекту «Грамадзянскі кантроль судовай сыстэмы»: тут рэйтынг судзьдзяў, якія сыстэматычна «вылучаюцца» пры вынясеньні прысудаў паводле 23.34 КаАП, і падрабязная статыстыка прысудаў кожнага судзьдзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 33 да 86 сутак арышту. Гэтыя людзі за кратамі правялі больш за месяц. Інфаграфіка