Міліцыя адмовілася праводзіць праверку па заяве аб катаваньнях у жодзінскай турме і ўмовах, якія спрыяюць распаўсюду COVID-19

Сустрэча вязьняў жодзінскага ізалятару

Начальнік Жодзінскага ГАУС Уладзімер Трацюк ня лічыць патрэбным праводзіць праверку па фактах катаваньняў у ізалятары часовага ўтрыманьня і лічыць, што ўсё там адбываецца ў рамках закону.

Як паведамляе «Прававая ініцыятыва», 2 лістапада лекара Дзьмітрыя Маркелава затрымалі супрацоўнікі АМАП за ўдзел у шэсьці мэдработнікаў. Пасьля яго асудзілі на 8 дзён арышту. 5-10 лістапада ён адбываў пакараньне ў ІЧУ Жодзіна, дзе заразіўся каранавірусам і затым працяглы час лячыў пнэўманію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым больш сыстэма цісьне, тым больш людзі пераконваюцца, што маюць рацыю». Эканаміст Дзьмітры Крук пра сваё зьняволеньне

4 сьнежня Маркелаў падаў скаргу ў пракуратуру Жодзіна на катаваньні і бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня. Перанаселенасьць камэры, забарона сядзець удзень на ложках, адсутнасьць прагулак, недахоп посуду і сталовых прыбораў, у выніку чаго даводзілася дзяліць іх зь іншымі арыштантамі — усё гэта было пералічана ў скарзе. Пракурор Максім Дацькевіч перанакіраваў заяву ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў.

Днямі Дзьмітры Маркелаў атрымаў адказ. Начальнік Жодзінскага ГАУС Уладзімер Трацюк паведаміў, што ізалятар часовага ўтрыманьня неаднаразова наведвалі праверкі з МУС Беларусі і УУС Менскага аблвыканкаму. Кантралёры не знайшлі недахопаў у матэрыяльна-бытавым і санітарна-гігіенічным забесьпячэньні адміністрацыйна арыштаваных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прымусілі прысесьці 400 разоў». Як абыходзяцца зь вядомымі спартоўцамі ў ІЧУ

На падставе гэтых наведваньняў Трацюк зрабіў выснову: факты, выкладзеныя ў скарзе на ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ Жодзінскага ГАУС, не знайшлі свайго пацьверджаньня. Парушэньняў дзейнага заканадаўства з боку супрацоўнікаў пэнітэнцыярнай установы ня выяўлена.

Раней на зьдзекі з боку адміністрацыі ізалятару наракалі спартоўцы Андрэй Краўчанка і Іван Ганін, якіх прымушалі хадзіць на карачках і адціскацца ад падлогі. Пра падобныя фізычныя выпрабаваньні казалі і іншыя вязьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольгу Хіжынкову напярэдадні апошняга дня арышту перавялі ў жодзінскі СІЗА

Таксама ў пакоях надгляду і капцёрцы на падлогу кінутыя бел-чырвона-белыя сьцягі. Хто адмаўляецца наступаць на іх, ахоўнікі груба штурхаюць ці б'юць.

Новых «пастаяльцаў» сустракаюць сілавікі з сабакамі-аўчаркамі, якія бесьперапынна брэшуць. У выпадку з пакаранымі паводле адміністрацыйных артыкулаў гэта яўна не адпавядае мерам засьцярогі, падкрэсьліваюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І ў аўтазаку, і ў турме на падлозе валяўся бел-чырвона-белы сьцяг», — журналіст Ігар Карней выйшаў з-пад арышту