«У наступным годзе нашае жаданьне збудзецца». Марыя Калесьнікава перадала навагодняе віншаваньне

Марыя Калесьнікава на маршы 16 жніўня

Марыя Калесьнікава верыць, што налета беларусы пачуюць на Новы год віншаваньне ад чалавека, «якому мы верым, якога любім, зь якім разам будзем рабіць нашую краіну і жыцьцё лепшым».

Яна перакананая, што беларусы ў 2021 годзе застануцца актыўнымі, настойлівымі, ініцыятыўнымі і зьяднанымі.

«Пераадольвайце свой страх; на адным з этапаў вы раптам зразумееце, што больш вас нічым не напужаць, а гэта дае свабоду», — напісала Калесьнікава. Яна ўпэўненая, што да перамогі прывядзе толькі «шлях любові, павагі і дабрыні».

«Я цяпер у турме; ня будзе шампанскага, абдымкаў сяброў і ўсьмешак родных у навагоднюю ноч. Але гэта варта таго, каб праз год у гэтую ноч мы выйшлі на вуліцы свабоднымі, шчасьлівымі, поўнымі ўпэўненасьці ў сьветлай будучыні нас і нашай любімай краіны. Мы ня проста паводзілі сябе добра сёлета, мы былі такімі сьмелымі і сумленнымі малайцамі, што Дзед Мароз ня можа ня выканаць нашае жаданьне».

«З Новым годам, і вы ведаеце, што рабіць!», — напісала Калесьнікава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы — сапраўдныя стваральнікі цудаў». Бабарыка павіншаваў з Новым годам з-за кратаў

Навагодні зварот таксама апублікаваў сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка. Ён адзначыў, што ўвесь сьвет цяпер ведае беларусаў «як нацыю моцных, незалежных і сьмелых людзей». «Памятайце, што за намі праўда, а праўда заўсёды перамагае», — заклікаў Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё было не дарма». Канал «Страна для жизни» апублікаваў навагодні зварот Сяргея Ціханоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас усіх аб’ядноўвае адно жаданьне». Фонды культурнай, мэдычнай і спартовай салідарнасьці павіншавалі беларусаў з Новым годам. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: «Вы даказалі, што страхам і сілаю вас ужо не перамагчы»