У Беларусі зацьвердзілі абноўлены дзяржаўны герб

Зьлева стары варыянт гербу, справа — новы

У Беларусі зацьверджана абноўленая выява дзяржаўнага герба, паведамляе Tut.by са спасылкай на публікацыю закона № 83-3 ад 4 студзеня аб зьмяненьні закона «Аб дзяржаўны знаках Рэспублікі Беларусь» на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Закон зацьвердзіў новы зьнешні выгляд дзяржаўнага герба. Вось асноўныя зьмены:

  • Выявы мацерыкоў сталі больш геаграфічна дакладнымі, а іхны колер зьменены зь сіне-фіялетавага на карычневы. Сам шар крыху павярнуўся, цяпер на ім больш Эўропы і менш Расеі.
  • Выява зоркі ў верхняй частцы герба прадстаўлена ў плоскасным варыянце, бяз граняў, з контурнай абводкай нязначна нахіленымі краямі промняў.
  • Контур РБ зьменены зь зялёнага колеру на залаты.
  • Сымэтрычна выраўнялі выявы кветкавых кампазыцый канюшыны і лёну, яны сталі больш аб’ёмнымі, іх форма набліжана да натуральных суквецьцяў.
  • Сеткі паралеляў і мэрыдыянаў зрабілі больш тонкімі. Больш выразнай стала чырвона-зялёная стужка з надпісам «Рэспубліка Беларусь».
  • Шрыфтавы надпіс зроблены ў тлустым варыянце, а таксама выраўнавалі адлегласьці паміж літарамі адпаведна з прынцыпамі глядацкага ўспрыняцьця.
  • Асноўным элемэнтам герба надалі больш яркія колеры.

Законапраект па зьмене зьнешняга выгляду герба распрацавалі ў Міністэрстве юстыцыі яшчэ ў пачатку мінулага года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Контур Беларусі зьменены зь зялёнага на залаты». У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі закон пра зьмены ў выяве дзяржаўнага герба

Таксама закон пашырыў пералік выпадкаў прымяненьня дзяржаўнага сьцягу. Малюнак дзяржсьцяга можа быць выкарыстаны ў таварным знаку, знаку абслугоўваньня ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб таварных знаках і знаках абслугоўваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеі ў Эўропу. Глёбус на абноўленым гербе Беларусі заўважна павярнулі. Чаму?

Да 1995 года ў Беларусі былі іншыя дзяржаўныя сымбалі: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Зьмянілі іх у выніку рэфэрэндуму, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам. Аўтарам цяперашняга герба называў сябе Леанід Сініцын, у 1995 годзе ён быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта. За аснову быў узяты герб БССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гістарычныя сымбалі цяпер — сымбалі большасьці