Футбольнаму трэнэру Арцёму Хвашчэўскаму прысудзілі 1 год калёніі

Затрыманьні ў Менску, 11 жніўня 2020

15 студзеня суд Фрунзэнскага раёну Менска вынес прысуд палітвязьню Арцёму Хвашчэўскаму: 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Яго абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Таксама суд прызнаў за прадпрыемствам «Менсктранс» права на пакрыцьцё пазову, а пытаньне яго памеру перадаў на вырашэньне ў грамадзянскі суд, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смаргонях асудзілі 19-гадовага хлопца за абразу Лукашэнкі ў сацсетцы. Тэлефон забралі як «прыладу злачынства»

Справу разглядала судзьдзя Юлія Блізьнюк. Дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык раней выступала бокам абвінавачаньня ў дачыненьні да хлопца, які «абразіў» амапаўца Дзьмітрыя Балабу, а таксама ў крымінальнай справе супраць Марыі Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка за спробу аднавіць надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Арцём Хвашчэўскі ад 15 жніўня знаходзіўся пад вартай. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». Таксама ён нібыта заклікаў да непадпарадкаваньня іншых, у тым ліку праз тэлеграм-каналы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчуку прысудзілі два гады калёніі за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага. Справы аб сьмерці ўдзельніка пратэсту няма

Палітвязень Арцём Хвашчэўскі — футбольны трэнэр, гуляў у аматарскім футбольным клюбе «Менск Космас». Апошнія 10 гадоў жыў у Польшчы, выступаў у лізе Б-клясы.

Вучыўся ў Вроцлаве, адначасова працуючы трэнэрам у моладзевым футбольным клюбе, а таксама займаўся кансультацыйна-аналітычнай працай для польскай нацыянальнай зборнай і футбольнай лігі Экстраклясы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцу, які даў поўху апэратару БТ, прысудзілі 2 гады калёніі