У Гомлі за «масавыя беспарадкі» судзяць непаўналетняга

Мікіта Залатароў (у цэнтры) падчас суду

Суд Чыгуначнага раёну Гомля 18 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» і «гвалце адносна міліцыі».

Абвінавачаныя — трое жыхароў Гомля, Гомельскага раёну і Добруша. Сярод іх — 17-гадовы Мікіта Залатароў, які хварэе на эпілепсію і з 11 жніўня ўтрымліваецца ў СІЗА. Вядзе працэс судзьдзя Дзьмітры Дэбой.

На момант затрыманьня Мікіту Залатарову было 16 гадоў. Ягоны бацька сьведчыў, што пасьля затрыманьня падлетак быў моцна зьбіты і трапіў у рэанімацыю. Скаргі на зьбіцьцё ў сьледчыя органы не прынесьлі плёну — завесьці крымінальную справу адмовіліся.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, якую агучыў Яўген Фартушняк, 28-гадовы жыхар Гомельскага раёну Леанід Кавалёў вырабіў «кактэйлі Молатава» і прапанаваў 25-гадоваму жыхару Добруша Дзьмітрыю Карнееву і 16-гадоваму гамельчуку Мікіту Залатарову іх выкарыстаць на акцыях пратэсту. Па вэрсіі сьледчых, «падазроныя паводзіны маладых людзей прыцягнулі ўвагу супрацоўнікаў міліцыі, якія накіраваліся да іх з мэтай праверкі, і тыя ўцяклі». Адзін зь іх кінуў бутэльку ў бок міліцыянтаў.

Абвінавачаныя (зьлева направа) Леанід Кавалёў, Мікіта Залатароў і Дзьмітры Карнееў

Апроч абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках, гвалце адносна міліцыі, незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі, Леаніда Кавалёва абвінавачваюць ва «ўцягваньні непаўналетняга ў супрацьпраўныя паводзіны».

Пацярпелыя па крымінальнай справе — кантрактнікі ўнутраных войскаў (частка № 5525) Аляксей Канаваленка і Яўген Раманькоў.

Пацярпелыя міліцыянты ў судзе (у першым шэрагу)

«Плянавалі пагромы, падпалы, збройны супраціў»

Паводле зачытанага абвінавачаньня, Леанід Кавалёў «з мэтай выканаць публічныя заклікі да масавых беспарадкаў», якія былі разьмешчаны ў Telegram і Youtube, шукаў саўдзельнікаў плянаванага злачынства, вырабіў «кактэйлі Молатава» з мэтай «незаконных спосабаў выказваньня сваіх грамадзка-палітычных поглядаў». Злачынныя дзеяньні, заплянаваныя Кавалёвым, па вэрсіі абвінавачаньня — гэта, сярод іншага, «гвалт, пагромы, падпалы, зьнішчэньне маёмасьці, збройны супраціў прадстаўнікам улады, правакацыі, накіраваныя на распальваньне агрэсіўнасьці натоўпу».

«Кактэйлі Молатава» перавозіў на нявызначаным транспарце ў нявызначанае месца»

«Кактэйлі Молатава», па вэрсіі сьледзтва, Кавалёў захоўваў у нявызначаных месцах, потым перамясьціў на «нявызначаным транспарце» ў «нявызначанае месца ў цэнтры гораду».

Паводле абвінаваўцы, маладыя людзі нібыта зьбіраліся прымяніць «кактэйлі Молатава», каб нанесьці пашкоджаньні ці спэцыяльнаму транспарту, ці міліцыянтам. Але вайскоўцы часткі № 5525 «мелі абгрунтаваныя падазрэньні ў дачыненьні да гэтых асоб, таму імкліва наблізіліся да іх, што не дало ім рэалізаваць свае злачынныя пляны». Абвінавачаныя ўцяклі, але нібыта кінулі ў бок вайскоўцаў «кактэйль Молатава». Бутэлька разьбілася аб асфальт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ два выракі за сарваныя дзяржаўныя сьцягі, у тым ліку непаўналетняму

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, свае дзеяньні на акцыі пратэсту Дзьмітры Карнееў зьняў на мабільны тэлефон і пазьней выклаў у інтэрнэт «з мэтай прапаганды гвалту супраць супрацоўнікаў міліцыі».

Леанід Кавалёў і Мікіта Залатароў цалкам адкідаюць абвінавачаньні. Дзьмітрый Карнееў часткова іх прызнае.

Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.