Да ўладальніка крамы з нацыянальнай сымболікай у Баранавічах прыйшла праверка ДФР

Да ўладальніка крамы з нацыянальнай сымболікай «Росквіт» у Баранавічах, берасьцейскага абласнога каардынатара руху «За свабоду» Юрыя Казакевіча прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю — правяраць інфармацыю аб нявыплаце падаткаў.

«У краму прыйшла пазачарговая праверка з ДФР у сувязі з тым, што ў іх было нейкае паведамленьне, быццам я ўхіляўся ад выплаты падаткаў у буйным памеры», — паведаміў Казакевіч агенцтву БелаПАН.

Паводле яго, прайшлі тры ператрусы: у краме, машыне і дома. У кватэры забралі кампутар і тэлефон.

«Ператрус у кватэры доўжыўся каля дзьвюх гадзін. Цікавіліся паперамі. У мяне з 2009 году архіў ІП, накладныя і дэклярацыі. Затым папрасілі ўключыць стацыянарны кампутар, адключылі яго ад інтэрнэту і сказалі: „Будзем канфіскоўваць“. І тое самае пра тэлефон», — кажа актывіст.

Ва ўсіх выпадках супрацоўнікі ДФР паказалі свае пасьведчаньні, дэманстравалі санкцыі пракурора, аднак урэшце не пакінулі ніякіх папер, параіўшы зьвязвацца са сьледчым, сказаў Казакевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Баранавічаў прадаў машыну, каб адчыніць краму вышыванак

Паводле прадпрымальніка, ён мусіць да 26 студзеня прадставіць усе дакумэнты на краму. Пры гэтым «Росквіт» можа працягваць працу — там нічога не забрана.

«Лічу, што ў тым, што адбываецца, ёсьць палітычная падаплёка. Але і эканамічная таксама, бо ўлады любым спосабам выціскаюць грошы з прадпрымальнікаў і яшчэ больш зацікаўленыя ў гэтым, калі чалавек яшчэ і актывіст», — заявіў Казакевіч.

Ён падкрэсьліў, што ўсе падаткі ў яго выплачаныя своечасова і ў поўным аб’ёме.