Рашучы прыхільнік NATO і санкцый супраць Расеі. Зацьверджаны новы дзяржсакратар ЗША

Энтані Блінкен, дзяржсакратар ЗША

Сэнат Злучаных Штатаў зацьвердзіў Энтані Блінкена дзяржсакратаром ЗША.

За кандыдатуру новага кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства прагаласавалі 78 сэнатараў, супраць — 22.

  • 58-гадовы Энтані Блінкен ужо працаваў намесьнікам дзяржсакратара ў адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы.
  • Блінкен стаў даверанай асобай новага прэзыдэнта пасьля таго, як яны з Байдэнам працавалі ў Камітэце міжнародных сувязяў Сэнату ў 2002–2008 гадах. Пазьней ён быў дарадцам Байдэна ў нацыянальнай бясьпецы, калі той займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта ў часы Абамы.
  • Як і Байдэн, Блінкен часта падкрэсьліваў важнасьць міжнародных саюзаў для Злучаных Штатаў.
  • Большую частку сваёй маладосьці Блінкен правёў у Парыжы, таму свабодна валодае францускай мовай.
  • Рашучы прыхільнік NATO і вайскова-палітычнага саюзу Паўночнай Амэрыкі і Эўропы, Блінкен добра ведае постсавецкія геапалітычныя рэаліі. Чакаецца, што ён зойме больш жорсткую пазыцыю адносна агрэсіўнай палітыкі Крамля. Мяркуецца, што ён адыграў важную ролю ва ўвядзеньні санкцый супраць Расеі пасьля анэксіі ўкраінскага Крыму і заклікаў — хоць і беспасьпяхова — адміністрацыю Абамы даць Украіне сьмяротную зброю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ёсьць хто: кандыдаты Байдэна на ключавыя пасады ў ЗША