Беларуска Борціч, якая выступала супраць Лукашэнкі, стала гераіняй кліпу гурту System of a Down

Аляксандра Борціч у кліпе System of a Down. Скрыншот з твітэру @serjtankian

Знакаміты амэрыканскі гэві-мэтал гурт System of a Down анансаваў выхад 4 лютага кліпу, у якім зьнялася беларуская акторка.

Кліп зьняты на песьню «Elasticity», якая стане галоўнай у новым альбоме. Сам выпуск альбому лідэр гурта Сэрж Танк’ян анансаваў яшчэ ў траўні, аднак праз каранавірусныя абмежаваньні і іншыя праблемы гурт не гастраляваў і не запісваў песень сумесна ўжо некалькі месяцаў.

Аўтар кліпу, у якім зьнялася беларуская акторка Аляксандра Борціч, — Ільля Найшулер. Пакуль выйшаў толькі кароткі фрагмэнт, цалкам кліп апублікуюць увечары 4 лютага.

У мінулым месяцы System Of A Down падзяліўся відэакліпам на кампазыцыю «Genocidal Humanoidz». Песьню выпусьцілі ў лістападзе ў якасьці двайнога сынглу разам з «Protect the Land», што стала першым новым матэрыялам гурту за апошнія 15 гадоў.

System Of A Down — знакаміты амэрыканскі гэві-мэтал гурт, складзены з музыкаў армянскага паходжаньня. Лідэр Сэрж Танк’ян падчас палітычных зьменаў на гістарычнай радзіме падтрымаў прыход на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна.

Аляксандра Борціч — 26-гадовая беларуская акторка родам са Сьветлагорску. У дзяцінстве Борціч якраз захаплялася цяжкой музыкай. У апошнія гады жыве і працуе ў Расеі. Найкаштоўнейшай кінаўзнагародай Борціч зьяўляецца прыз за найлепшую жаночую ролю ў фільме «Як мяне завуць» на Festival du Cinema Russe у 2014 годзе. Падчас беларускіх пратэстаў рэзка выступіла супраць улады Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліка Агурбаш пра катастрофу пад назвай «лукашызм» і свой 100-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Краты — гэта толькі падрыхтоўка да жыцьця, дзе не існуе крат». Ганна Хітрык прэзэнтавала песьню на верш Андрэя Хадановіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад гімна Ўручча да «Неверагоднасьці». Новыя песьні беларускага пратэсту