Нарвэскі пакупнік беларускіх калійных угнаеньняў Yara падтрымаў Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў кампаніі Yara International

Эўрапейская вытворчая рада нарвэскай кампаніі Yara International, якая купляе беларускія калійныя ўгнаеньні, падтрымала ініцыяваны Сьвятланай Ціханоўскай Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю, які пройдзе 7 лютага.

Рада «падтрымлівае барацьбу беларускага народу за дэмакратыю і ўмацаваньне правоў працоўных», «асуджае палітычныя рэпрэсіі і зьвязаныя зь імі гвалт і арышты». «Правы чалавека павінны выконвацца заўсёды», — падкрэсьліваецца ў заяве, разьмешчанай на сайце Yara.

Раней генэральны дырэктар Yara International Свайн Тур Гульсэтэр і іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазыцыю нарвэскага ўраду аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека. Нарвэжцы двойчы прыяжджалі ў Беларусь і сустракаліся з кіраўніцтвам «Беларуськалію» (18 верасьня і 10 сьнежня 2020 году) з нагоды страйку працоўных і ўмоваў працы на прадпрыемстве. Гульсэтэр адзначыў, што «парог непрымальнасьці сытуацыі на „Беларуськаліі“ ўжо пройдзены», будуць разглядацца новыя магчымасьці ціску на беларускіх партнэраў і спосабы дапамогі страйкоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра страйкаму заклікаў нарвэскую кампанію Yara адмовіцца ад новага кантракту зь «Беларуськаліем»

У студзені экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская накіравала Гульсэтэру ліст, у якім заклікала кампанію прыпыніць кантракт зь «Беларуськаліем» і дапамагчы работнікам прадпрыемства, якія далучыліся да страйку. Яна выказала падзяку Yara за пазыцыю, аднак нягледзячы на спробы нарвэсцаў наладзіць дыялёг з топ-мэнэджмэнтам «Беларуськалію» ўзровень рэпрэсій расьце. Як найменей 55 супрацоўнікаў былі звольненыя за страйк і выказваньне сваёй пазыцыі, адзначыла Ціханоўская. Сустаршыня страйкаму Анатоль Бокун амаль два месяцы правёў у турме. Член страйкаму «Беларуськалію» Дзьмітры Кудзялевіч быў затрыманы і ўцёк проста з аддзелу КДБ ва Ўкраіну.

Паколькі больш за 130 рабочых застаюцца ў страйку, Ціханоўская заклікала Yara стварыць фонд дапамогі страйкоўцам. Гэта, на яе думку, стала б прыкладам для іншых заходніх фірмаў, якія маглі б стварыць міжнародны фонд салідарнасьці зь беларускімі рабочымі.