У Менску на 4 гады асудзілі мужчыну, які падчас пратэстаў перасунуў вазкі ад крамы на дарогу

Арцём Саўчук, фота зь сямейнага архіву

Адвакат асуджанага Арцёма Саўчука заявіў, што сьледзтва выдала за доказ здагадку сьледчага, а сам пратакол парушае прэзумпцыю невінаватасьці.

9 лютага суд Фрунзэнскага раёну Менску агучыў прысуд 30-гадоваму палітвязьню Арцёму Саўчуку. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня (ч. 2, арт. 293 Крымінальнага кодэксу) і асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, піша «Вясна».

Прысуд вынесла Юлія Блізьнюк. Дзяржаўным абвінаваўцам была Аліна Касьянчык.

15 студзеня сябра Саўчука, палітвязьня Арцёма Хвашчэўскага, зь якім яны былі ў той вечар, асудзілі на 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Справу разглядала тая самая судзьдзя.

Самога Арцёма Хвашчэўскага таксама выклікалі для сьведчаньняў — ён даў такія самыя паказаньні, як і яго сябры, зь якімі быў у той вечар (Саўчук і Сычык).

Сьведкі расказалі, што прыехалі на вясельле да школьнага сябра, пасьля чаго плянавалі вярнуцца ў Польшчу. У Беларусі яны ўдзельнічалі ў мірным сходзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольнаму трэнэру Арцёму Хвашчэўскаму прысудзілі 1 год калёніі

Абаронца Саўчука Сяргей Лебедзеў падкрэсьліў, што паказаньні пацьвердзіліся запісамі з камэр назіраньня. Ён сказаў, што калі яны вярталіся дадому, рух быў заблякаваны, таму машыну прыпаркавалі на адной з вуліц і працягвалі рух пешшу. Падчас выбухаў яны часова згубіліся, але потым знайшліся каля гандлёвага цэнтру «Цівалі». Там Саўчук дапамог невядомым яму людзям, якія перамяшчалі вазкі з супэрмаркету. Ён ня думаў, што іх могуць выкарыстаць у «супрацьпраўных дзеяньнях».

У віну Саўчуку ставілі «раскамплектаваньне і забраньне вазкоў з парковачнага бокса»; на відэа Саўчук і сябры на некаторы час зьнікаюць з зоны агляду камэры. Сьледзтва палічыла, што «паколькі Саўчук мог знаходзіцца ў боксе падчас выкочваньня вазкоў», віну можна лічыць даказанай. Іншых доказаў сьледзтва для суду не знайшло.

Саўчук і сьведкі абароны сказалі, што не заходзілі ў бокс. Адвакат падкрэсьліў, што сьледзтва лічыць доказам толькі здагадку сьледчага, а гэта прама парушае прэзумпцыю невінаватасьці і сапраўдным доказам віны не зьяўляецца.

Паводле адваката, ніякага пагрому, пра які гаварыла сьледзтва, у Беларусі не было, а лічы́ць выкраданьнем перасоўваньне вазкоў на 140 мэтраў нельга: карысьлівыя матывы не пацьверджаны, гандлёвая сетка не панесла шкоды, а само выкарыстаньне вазкоў па-за крамай дазволена правіламі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску 3 гады калёніі далі дырэктару канцэртнага агенцтва за 8-сэкунднае спыненьне экіпажу ДАІ

Падчас прагляду відэа з рэгістратару Арцёма не пацьвердзілася таксама інфармацыя пра тое, што ён выкрыкваў лёзунгі каля СІЗА-1 на Валадарскага.

Пракурор запрасіла для Саўчука 4 гады пазбаўленьня волі. Судзьдзя прызначыла менавіта такое пакараньне.

Пазоў «Менсктрансу» да Саўчука разгледзяць у асобнай грамадзянскай справе. Транспартнае прадпрыемства патрабуе спагнаць з асуджанага шкоду ў 21 839 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Айцішніку, якога зьбіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі»