У Эўрапарлямэнце зьбіраюць подпісы за адхіленьне Беларусі ад «Эўравізіі»

Дэпутатка Эўрапарлямэнту Карын Карлсбру, якая прадстаўляе швэдзкую Лібэральную партыю, прапанавала забараніць Беларусі браць удзел сёлета ў музычным конкурсе «Эўравізіі».

Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на сайт эўрадэпутаткі.

Карын Карлсбру прапануе дэпутатам падпісацца пад лістом у Эўрапейскі зьвяз радыё і тэлевізіі (EBU), каб Беларусь ня ўдзельнічала ў вясновым конкурсе песьні «Эўравізія» ў Нідэрляндах.

Недапушчальна, што EBU супрацоўнічае зь Белтэлерадыёкампаніяй, паколькі яе кіраўнік Іван Эйсмант уключаны ў санкцыйны сьпіс ЭЗ, а ў кампаніі перасьледуюць супрацоўнікаў, адзначыла эўрадэпутатка. Яна дадала, што супрацоўніцтва з БТ мусяць прыпыніць і іншыя эўрапейскія мэдыякампаніі.

Раней з ініцыятывай дамагчыся выключэньня Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу і пазбавіць яе права трансьляцыі і ўдзелу ў гэтым песенным конкурсе выступіў Беларускі фонд культурнай салідарнасьці.

Музычны конкурс «Эўравізіі» пройдзе ў траўні ў Ротэрдаме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не ўяўляю, як Беларусь цяпер можа паехаць на „Эўравізію“». Naviband пра новую песьню і рэальную культуру ў падпольлі