Двух менчукоў асудзілі на тры гады «хіміі» за інсталяцыю з фота Качанавай і Кубракова

Суд Кастрычніцкага раёну Менску асудзіў Дзяніса Заянчэўскага і Максіма Тацьцянка на 3 гады «хіміі» кожнага за інсталяцыю ў выглядзе пудзілаў з фота старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і амапаўца ў балаклаве на фоне бел-чырвона-белага сьцяга.

Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», адзначаючы, што судзьдзя Аляксандар Рудэнка адхіліў хадайніцтва аб правядзеньні мастацкай экспэртызы адносна таго, ці зьяўляецца інсталяцыя абразьлівай.

Абодва абвінавачаныя да суду знаходзіліся пад вартай.

Паводле абвінавачаньня, група людзей, у складзе якой былі Заянчэўскі і Тацьцянок, з 20 на 21 лістапада 2020 году ў завулку Полацкім у раёне «Інстытуту культуры» ўсталявала пудзіла з фатаздымкамі чыноўнікаў і супрацоўніка МУС і тым самым выказала грэбаваньне да грамадзтва, а таксама наўмысна і з асаблівым цынізмам прынізіла гонар і годнасьць службовых асобаў. Такія дзеяньні былі кваліфікаваныя сьледчымі як злоснае хуліганства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тром менскім байкерам, якія адбілі знаёмага ад сілавікоў, прысудзілі да 3 год у калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральніка на парлямэнцкіх выбарах асудзілі на 2 гады «хіміі» за паклёп на сябраў выбарчай камісіі