У дзяржаўныя органы Ўкраіны накіравалі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія перасьледавалі спартоўцаў

Калёна спартоўцаў у Менску на маршы пратэсту ўвосень 2020 году.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці падаў у Службу бясьпекі Ўкраіны сьпіс беларускіх спартовых чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях супраць атлетаў за выказваньне грамадзянскай пазыцыі.

Фонд прапануе абмежаваць чыноўнікам уезд ва Ўкраіну, піша «Трыбуна».

У санкцыйны сьпіс, які прапанавалі зацьвердзіць украінскаму боку, трапілі міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, а таксама ягоныя намесьнікі Міхаіл Кравец, Аляксандар Барауля, Вячаслаў Дурноў і яшчэ цэлы шэраг чыноўнікаў галіны спорту.

Ліст з прыкладзеным да яго сьпісам накіравалі ў Вярхоўную Раду, Кабінэт міністраў і СБУ.

Пачынаючы са жніўня шэраг беларускіх спартоўцаў зазналі ціск з боку кіраўнікоў Міністэрства спорту і спартовых фэдэрацый. Некаторым атлетам пагражалі фізычнай расправай. У прыватнасьці, імёны і абставіны запалохваньня называў лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, які адбыў адміністрацыйны арышт.

Праз арышты прайшлі баскетбалістка Алена Леўчанка, кікбаксэр Іван Ганін і іншыя. Многіх, як Аляксандру Раманоўскую, выключылі з нацыянальных камандаў, пазбавілі стыпэндый і заробкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страты беларускага спорту хутка не аднавіць». Як жывуць спартоўцы, якія выступілі супраць Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герасіменя пра дзяржаўную прапаганду: Як можна ставіцца да людзей з хворай псыхікай?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту стаў Віктар Лукашэнка. Будуць новыя санкцыі МАК?