Загадчык аддзелу Менскага цэнтру хірургіі звальняецца на знак салідарнасьці з калегам зь Віцебску

Акцыя пратэсту беларускіх мэдыкаў 12 жніўня 2020 году, Менск

Хірург Дзьмітры Харкоў напісаў заяву на звальненьне, бо ня згодны са звальненьнем калегі Ўладзімера Мартава з палітычных матываў.

Загадчык аддзелу пэрспэктыўных напрамкаў высокатэхналягічнай мэдычнай дапамогі «Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі» Дзьмітры Харкоў публічна заявіў, што пакідае пасаду ў сувязі з падзеяй, якая чарговы раз «узрушыла мэдычную супольнасьць Беларусі», піша тэлеграм-канал «Белые халаты».

У сваёй заяве Харкоў абурыўся фактам скасаваньня працоўнага кантракту паміж Віцебскай лякарняй хуткай дапамогі і анэстэзіёлягам-рэаніматолягам Уладзімерам Мартавым. Менскі хірург лічыць гэта перасьледам за адрозныя ад кіраўніцтва палітычныя погляды.

Харкоў папрасіў звольніць яго па сканчэньні тэрміну кантракту 8 красавіка 2021 году. Таксама ён спадзяецца пачуць уцямныя адказы на свае пытаньні аб сытуацыі з Мартавым ад Беларускай асацыяцыі лекараў, Беларускага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя і кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкаму.

Уладзімер Мартаў — прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі ў мэдыцыне, стаў першым лекарам у краіне, які ў красавіку 2020 году, у разгар эпідэміі каранавірусу, не пабаяўся публічна агучыць свае думкі пра тое, што адбывалася тады ў шпіталях, акрэсьліўшы сапраўдныя маштабы хваробы ў Беларусі.

У пачатку сакавіка Мартаў атрымаў апавяшчэньне начальства аб тым, што зь ім не падоўжаць кантракту. Пры гэтым лекар лічыцца адным зь вядучых у краіне ў сваёй сфэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закупляць вадамёты было важней, чым рыхтавацца да другой хвалі». Віцебскі доктар Мартаў расказаў, чаму яму не падоўжылі кантракт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекары стварылі ініцыятыву MovaMed за пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцыне