Кіраўнік Міжнароднага Чырвонага Крыжа адказаў на заклік праінспэктаваць беларускія турмы

Кіраўнік Міжнароднага Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Пэтэр Маўрэр

Паводле Пэтэра Маўрэра, у арганізацыі няма на гэта адпаведнага мандату.

Пісьменьнік Саша Філіпенка расказаў, што атрымаў адказ на свой зварот да прэзыдэнта Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа (МЧК) Пэтэра Маўрэра.

У сярэдзіне лютага Філіпенка апублікаваў у швайцарскім выданьні Neue Zürcher Zeitung адкрыты ліст да Маўрэра, у якім, сярод іншага, прапанаваў таму наведаць беларускія турмы, дзе ўтрымліваюць пратэстоўцаў, і паглядзець, як «жанчыны сьпяць на бэтоннай падлозе і мэталічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак, прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлозе, не абгароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камэры ні зубныя шчоткі, ні пракладкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка спаць на падлозе, калі пад галавой пакецік з парэзаным хлебам». Жанчыны — пра турму на Акрэсьціна безь перадачаў

Увосень 2020 году пісьменьнік прасіў кіраўніка МЧК паўплываць на стаўленьне да зьняволеных у беларускіх турмах. Але тады кіраўнік МЧК сказаў, што гэта немагчыма, бо ягоная арганізацыя «прытрымліваецца нэўтралітэту і не валодае такім мандатам».

Аднак і цяпер Маўрэр адмовіўся ўмешвацца ў сытуацыю.

«У эфіры швайцарскага радыё Маўрэр з усьмешкай заявіў, што ня хоча сварыцца зь пісьменьнікам, творчасьць якога шануе. На гэтым можна было б спыніцца і адправіцца інспэктаваць беларускія турмы, але Пэтэр зноў заявіў, што нікуды не паедзе», — расказвае Філіпенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародны Чырвоны Крыж накіравалі ліст з абвінавачаньнямі беларускай філіі арганізацыі ў парушэньні статуту

Маўрэр зноў апраўдаў свае дзеяньні адсутнасьцю адпаведнага мандату, які дазволіў бы доступ у беларускія турмы.

«Увогуле, пакуль не пачнецца поўнамаштабная вайна — ён бясьсільны. У мірны час Чырвоны Крыж здольны толькі ўдзельнічаць у фальсыфікацыі выбараў у Беларусі, але гэтага Пэтэр Маўрэр у эфіры швайцарскага радыё чамусьці не сказаў», — адзначыў пісьменьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся судовы працэс над дзяўчынай, якая перажыла катаваньні на Акрэсьціна