Фэст «Артысты Перамогі» адновіцца 13 сакавіка канцэртам Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука

Маргарыта Ляўчук

Беларускі фонд культурнай салідарнасьці аб’явіў перазапуск фэсту #АртыстыПерамогі​. Чарговы анлайн-канцэрт пройдзе ў суботу а 20-й гадзіне.

Вядомыя беларуская опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук і блогер Андрэй Павук — аўтар youtube-каналу «Рудабельская паказуха» — засьпяваюць хіты сатырычнага дуэту «Красная Зелень», а таксама «пяшчотныя кампазыцыі з анталёгіі беларускай музыкі». Таксама артысты адкажуць на пытаньні гледачоў у жывым этэры.

Беларускі фонд культурнай салідарнасьці паведаміў, што плянуе паказваць анлайн-канцэрты штосуботы ў адзін і той жа час.

Праект #АртыстыПерамогі ў межах Беларусі часова прыпыніўся ў мэтах бясьпекі пасьля таго, як 2 сакавіка ў менскі клюб, дзе здымалі наступную сэрыю канцэртаў з удзелам берасьцейскага гурта «Дай дарогу!», прыйшлі сілавікі.

Фэст "Артысты перамогі"​ ладзіцца ў гонар музыкаў, якія працягваюць праводзіць канцэрты, нягледзячы на перасьлед. Шэраг музыкаў адбылі суткі арышту за дваровыя канцэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянты сарвалі здымкі гурту «Дай дарогу!» ў адным зь менскіх клюбаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Халезін стаў адным з кіраўнікоў Беларускага фонду культурнай салідарнасьці