Мастачку Лізу Ганчарову асудзілі на 15 сутак. У судзе яна заявіла, што супраць яе прымянялі ўдушальныя прыёмы

Мастачка Лізавета Ганчарова ў судзе.

Пачалі судзіць затрыманых 13 сакавіка ў менскім мікрараёне Зялёны Луг і ў цэнтры гораду.

На 15 дзён арышту суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў ілюстратарку Лізу Ганчарову, якую затрымалі 13 сакавіка. Працэс вёў судзьдзя Дзьмітры Карсюк.

У судзе яна паведаміла, што супрацоўнікі АМАПу затрымлівалі яе вельмі жорстка, цягнулі па зямлі, некалькі разоў кідалі на асфальт і прымянялі ўдушальныя прыёмы.

У гэты ж дзень затрымалі і яе бацьку, якога асудзілі таксама 15 сутак.
Сьведкам на працэсе быў Іваноў Іван Іванавіч, супрацоўнік Цэнтральнага РУУС гораду Менску са зьмененымі дадзенымі.

Падчас апытаньня сьведка адпускаў зьедлівыя камэнтары. На яго думку, затрыманыя ў той дзень сабраліся з мэтай стварэньня відэакантэнту для экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў.

Падчас суду.

Усе хадайніцтвы адваката Андрэя Мачалава суд адхіліў, нягледзячы на недакладнасьці ў пратаколе і адсутнасьць доказаў віны.

Як судзілі бацьку Лізаветы

Спачатку суд разгледзеў справу шматдзетнага бацькі Аляксандра Ганчарова, паведамляе «Вясна».

Па пратаколе, ён «у 8.15 на вул. Мельнікайце, 13 браў удзел у пікетаваньні ў групе пяці чалавек». Па словах Аляксандра, у тую раніцу ён праходзіў паўз адміністрацыю Цэнтральнага раёну, але ўдзелу ў акцыі не прымаў. Дачку Лізавету ён убачыў насупраць адміністрацыі. У нейкі момант усе пачалі бегчы, а Аляксандар пачуў, як супрацоўнікі пачалі крычаць, што будуць страляць па нагах. У выніку іх усіх затрымалі.

Суд над мастачкай Лізаветай Ганчаровай.

У матэрыялах справы ёсьць фатаздымак удзельнікаў акцыі насупраць адміністрацыі. Сьведка-міліцыянт на судзе сказаў, што службу нёс разам з супрацоўнікамі АМАПу, ён жа і падаў суду фатаграфію з удзельнікамі «масавага мерапрыемства». Ён растлумачыў, што назіраў, як удзельнікі сталі ў ланцужок, і затрыманьні пачаліся адразу, як толькі тыя пачалі крычаць «Жыве Беларусь».

Той жа сьведка сьцьвярджае, што Аляксандар браў удзел у акцыі разам са сваёй дачкой, «якая любіць гэтае дзеяньне здымаць на тэлефон». Сьведка расказаў і пра намеры ўдзельнікаў:

«У іх былі велізарныя сьцягі і расьцяжкі, зь якімі яны хацелі хутка зрабіць фатаграфіі для дэструктыўных і экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў».

Што сказала на судзе затрыманая мастачка

Паводле пратаколу, Лізавета Ганчарова, як і яе бацька, прымала ўдзел у пікетаваньні ў групе пяці чалавек.

Мастачка ж патлумачыла на судзе, што праходзіла міма і ўбачыла людзей каля будынку. Яна палічыла гэта цікавым і прыгожым і вырашыла сфатаграфаваць. Але не пасьпела, бо пачалося затрыманьне. Спалохаўшыся, яна пачала ўцякаць, але ўпала, таму невядомыя пачалі цягнуць яе па асфальце.

Дзяўчына заявіла, што падчас затрыманьня яе душылі і закрывалі ёй вочы. Сілавікі не прадставіліся, некалькі разоў кідалі яе на зямлю, пакуль цягнулі ў мікрааўтобус. Са словаў Лізаветы, затрымлівалі яе каля пяці чалавек у цёмным адзеньні без апазнавальных знакаў.

Што казаў сьведка «Іваноў»

Са словаў сьведкі-міліцыянта, затрымлівалі Ганчарову супрацоўнікі АМАПу. Ён сьцьвярджае, што людзі сталі ў ланцужок з расьцяжкамі і пачалі выкрыкваць лёзунгі, каб зьняць гэта на камэру. Сьведка «Іваноў» сьцьвярджаў, што Лізавета нібыта асабіста трымала сьцяг.

Па словах сьведкі, ён прадставіўся і паказаў пасьведчаньне, але «ўдзельнікі вырашылі паспаборнічаць у бегу і прайгралі». Сьведка параіў удзельнікам «не са сьцягамі фатаграфавацца, а бегаць раніцай».

Падчас допыту сьведка блытаўся ў сваіх паказаньнях, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Ён сьцьвярджаў, што затрымліваў дзяўчыну толькі адзін супрацоўнік АМАПу і суправадзіў яе да мікрааўтобуса, хоць яна і не хацела ісьці за ім.

Судзьдзя Карсюк адхіліў усе хадайніцтвы і пытаньні адваката, якія тычыліся пісьмовых матэрыялаў справы і маглі ўказаць на памылкі ў справе. У выніку Лізавету, як і бацьку, прызналі вінаватай па арт. 24.23 КаАП і арыштавалі на 15 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі дзясятак чалавек. Сярод іх мастачка Лізавета Ганчарова

Паводле праваахоўнікаў, 13 сакавіка на вуліцы Мірашнічэнкі затрымалі пяць жанчын 25–40 гадоў, якія нібыта раздавалі ўлёткі. Трох зь іх раней затрымлівалі за ўдзел у маршах.

Яшчэ пяць чалавек схапілі насупраць будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску, які яны пікетавалі. Чацьвёра — з Маскоўскага раёну Менску , пяты прыехаў на акцыю з-пад Дзяржынску, раней яго затрымлівалі за ўдзел у пратэстах.