У Беларусі зьявіліся чатыры новыя палітвязьні

Ізалятар на Акрэсьціна, Менск

Беларускія праваабаронцы прызналі чарговымі палітвязьнямі чатырох берасьцейцаў, якім суд Ленінскага раёну гораду прысудзіў пазбаўленьне волі за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

На паўтара года і на год і восем месяцаў па ч.1 арт. 342 КК («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») асуджаныя Аляксей Арцецкі і Дзьмітрый Буневіч. Таксама былі ўзятыя пад варту па ч.1 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі) Дзяніс Іванец, па ч.2 арт. 293 КК і ч.1 арт. 342 КК Раман Сідзюк; абодвум прад'яўленыя абвінавачаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы б усё роўна засталіся тут». Гісторыя Ўладзімера Гундара, якога ўлады вінавацяць у тэрарызьме

«Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году і праходзілі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя», — гаворыцца ў заяве Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага ПЭН-цэнтру.

Праваабаронцы лічаць перасьлед берасьцейцаў палітычна матываваным і заклікаюць улады неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць іх крымінальны перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На ліпень пляную ў Крэве новы праект». Размова з фатографам, які трапіў у міліцыю за Масьленіцу на ўласным падворку