Макрон заявіў пра новы тып сусьветнай вайны — праз вакцыны

Эманюэль Макрон

Эўропа стаіць перад абліччам «сусьветнай вайны новага тыпу» з прычыны імкненьня Расеі і Кітаю атрымаць ўплыў з дапамогай вакцын ад каранавіруснай інфэкцыі. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон на прэсавай канфэрэнцыі па выніках першага дня відэасаміту Эўразьвязуы.

У гэтых умовах, лічыць Макрон, ЭЗ мае быць самастойным у пытаньні вытворчасьці вакцын ад COVID-19. «Да лета Эўропа зможа вырабляць дастатковую колькасьць дозаў, каб забясьпечыць калектыўны імунітэт», — дадаў францускі лідэр.

Раней прадстаўнік МЗС Францыі Клеман Бон паведаміў, што Францыя не выключае, што можа пачаць прымяненьне расейскай вакцыны Sputnik V у чэрвені.

Расейская вакцына Sputnik V пакуль не атрымала ўхваленьня Эўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў. Нягледзячы на гэта, некаторыя краіны ЭЗ вырашылі закупіць яе самастойна. У Славаччыне гэты крок прывёў да палітычнага крызісу.

Учора пачаць закупку расейскай вакцыны для краін ЭЗ да заканчэньня яе экспэртызы Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў заклікала Нямеччына.

Раней на гэтым тыдні кіраўнік камісіі ЭЗ у пытаньнях унутранага рынку Цьеры Брэтон заявіў, што Эўрапейскі Зьвяз ня мае патрэбы ў расейскай вакцыне ад COVID-19 Sputnik V. Паводле чыноўніка, для дасягненьня калектыўнага імунітэту Эўразьвязу хопіць чатырох ужо ўхваленых вакцын.

Эўразьвяз крытыкуюць за вельмі павольныя тэмпы вакцынацыі на фоне росту колькасьці заражэньняў ў шэрагу краін.

У той жа час, па словах старшыні Эўракамісіі Урсулі фон дэр Ляен, Эўропа зьяўляецца рэгіёнам, які экспартуе больш за ўсё вакцын у сьвеце. Са сьнежня мінулага году Эўразьвяз экспартаваў 77 мільёнаў дозаў вакцыны, а для прышчэпак жыхарам ЭЗ выкарыстаў 62 мільёны доз. Агулам у Эўропе дзьве дозы вакцыны ўжо атрымалі больш за 18 мільёнаў чалавек, або 4 працэнты насельніцтва, заявіла фон дэр Ляен.