Праваабаронцу і культурную арганізатарку Тацяну Гацуру-Яворскую падазраюць у «фінансаваньні беспарадкаў»

Тацяна Гацура-Яворская

Заснавальніца грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» і арганізатарка выставы «Машына дыхае, а я — не» Тацяна Гацура-Яворская — падазраваная паводле арт. 293 ч.3 Крымінальнага кодэксу: фінансаваньне або матэрыяльнае забесьпячэньне беспарадкаў.

Як расказаў Свабодзе яе муж, праваабаронца Ўладзімер Яворскі, такая фармулёўка значылася ў санкцыях на ператрусы, якія напярэдадні супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю ўчынілі ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы падазраванай.

Паводле мужа Тацяны, гэткім жа чынам клясыфікаваныя дзеяньні іншых затрыманых, таму роля кожнага фігуранта справы будзе вызначацца на этапе сьледчых дзеяньняў. Шанец на тое, што Тацяну выпусьцяць пасьля 72 гадзін утрыманьня, мізэрны, кажа ён. Цяпер Тацяна ў ізалятары на Акрэсьціна.

5 красавіка правялі ператрусы і затрымалі яшчэ дзьвюх арганізатарак выставы — Натальлю Трэніну і Юлію Сяменчанку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатарак выставы пра мэдыкаў затрымалі, яны на Акрэсьціна

Санкцыя згаданага крымінальнага артыкула прадугледжвае да трох гадоў зьняволеньня.

Тацяна Гацура-Яворская — маці чатырох дзяцей. Яна арганізатарка вялікай колькасьць культурных ініцыятываў, у тым ліку WATCH DOCS Belarus — міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека, які праводзіцца з 2015 году.

Заснаванае ёю аб’яднаньне «Зьвяно» выступіла ініцыятарам выставы «Машына дыхае, а я — не», прысьвечанай адданай працы мэдыкаў, якія змагаюцца з каранавірусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы проста хацелі падзякаваць лекарам». Санстанцыя і МНС дачасна прыкрылі выставу пра гераізм мэдыкаў

Аднак літаральна празь дзень пасьля адкрыцьця заявіліся кантралёры з санстанцыі і ўпраўленьня надзвычайных сытуацый, экспазыцыю давялося згарнуць. Датычных да арганізацыі выставы арыштавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мама на Манбляне»: Я іду зь бел-чырвона-белым сьцягам, а другі беларус — са сьцягам СССР