Сэнат Чэхіі заклікаў разарваць дамову аб дружбе з Расеяй

Плякат з надпісам «Забойца, злачынец, дыктатар» і партрэтам Пуціна на браме расейскай амбасады ў Празе

Сэнат (верхняя палата парлямэнту Чэхіі) назваў выбухі ў Вэрбеціцах у 2014 годзе, да якіх, паводле дадзеных чэскіх уладаў, датычныя расейскія спэцслужбы, актам дзяржаўнага тэрарызму супраць адной зь дзяржаваў – сяброў Эўразьвяязу, а значыць, і супраць усяго ЭЗ.

За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі 67 з 72 прысутных на пасяджэньні членаў Сэнату, паведамляе Чэскае інфармацыйнае агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі прайшлі рэйды паліцыі супраць узброеных прыхільнікаў данбаскіх сэпаратыстаў

Сэнатары заклікалі ўрад Чэхіі скасаваць дамову аб сяброўскіх дачыненьнях і супрацоўніцтве з Расеяй, а таксама скараціць да аднаго колькасьць супрацоўнікаў расейскай амбасады ў Празе.

Акрамя таго, чальцы Сэнату заклікалі абмеркаваць здарэньне ў Вэрбеціцах на ўзроўні Рады Бясьпекі ААН і кіроўных органаў NATO і ЭЗ, а таксама запатрабаваць кампэнсацыі ад Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія папрасіла саюзьнікаў па ЭЗ і NATO падтрымаць яе ў канфлікце з Расеяй

Раней да аналягічных захадаў чэскі ўрад заклікала ніжняя палата парлямэнту Чэхіі.

21 красавіка Чэхія запатрабавала ад Расеі перагледзець яе рашэньне выслаць з краіны 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады. У адваротным выпадку, як заявіў кіраўнік МЗС Чэхіі Якуб Кульганэк, колькасьць расейскай амбасады ў Празе будзе скарочана шматкроць — да пяці чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі заявілі, што выбух на складзе ў Вэрбеціцах адбыўся выпадкова — ГРУ плянавала яго ў Баўгарыі

Высылка з Расеі 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады стала адказам на высылку з Чэхіі 18 расейскіх дыпляматаў, якія, як сьцьвярджаюць чэскія ўлады, мелі дачыненьне да расейскіх спэцслужбаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падтрымалі адказ Чэхіі на падрыўныя дзеяньні Расеі