Пакуль перасьледавалі Бабарыку і топ-мэнэджараў, прыбытак «Белгазпрамбанку» упаў больш як удвая

  • БелаПАН

Белгазпрамбанк

Большасьць ключавых паказьнікаў банкаўскай сыстэмы рэзка ўпала. У Беларусі працягваюць разглядаць крымінальную справу супраць папярэдняга кіраўніцтва банку.

Прыбытак аднаго з найбуйнейшых банкаў Беларусі — «Белгазпрамбанку» — па выніках 2020 году зьнізіўся больш як удвая. Пра гэта сьведчыць гадавая справаздачнасьць банку, інфармуе БелаПАН.

У 2020 годзе прыбытак «Белгазпрамбанку» склаў 44,6 млн рублёў супраць 96,6 мільёнаў рублёў у 2019 годзе. Дадзеныя, якія прыводзіць банк, сьведчаць, што многія мэтавыя паказьнікі «Белгазпрамбанку» ў 2020 годзе ня выкананы. Сярэднямесячны аб’ём чыстага прыбытку на аднаго работніка плянаваўся ў 5,1 тыс. рублёў, але ў рэальнасьці склаў толькі 2,4 тыс. рублёў.

Рэнтабельнасьць уласнага капіталу банку чакалася на ўзроўні 12,8%, а ў рэчаіснасьці — 6,1%. Рэнтабельнасьць актываў банку прагназавалася на ўзроўні 2%, аднак фактычна склалася ў памеры 1%. Меркавалася таксама, што за 2020 год актывы банку вырастуць на 5% да 5,23 мільярда рублёў, аднак па факце яны скараціліся на 17,5% да 4,1 млрд рублёў.

На фоне прыросту крэдытаў і каштоўных папер у актывах беларускіх банкаў у «Белгазпрамбанку» назіралася адмоўная дынаміка. Калі ў цэлым у сыстэме крэдыты павялічыліся на 11,1 млрд рублёў, дык у «Белгазпрамбанку» яны скараціліся амаль на 0,5 млрд рублёў. Аб’ём каштоўных папер у партфэлях банкаў павялічыўся за мінулы год на 518 млн рублёў, а ў «Белгазпрамбанку» скараціўся на 174 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны доўг Беларусі па выніках першага кварталу дасягнуў 60 млрд рублёў

На пачатак 2020 году «Белгазпрамбанк» займаў 3-е месца паводле актываў, аднак па выніках году — 7-е, па памеры прыбытку банк апусьціўся з 4-а на 6-е месца, па ўзроўні капіталу — з 3-а на 4-е.

З 15 чэрвеня па 10 сьнежня 2020 года банкам кіравала часовая адміністрацыя пасьля таго, як 11 чэрвеня ў галаўным офісе прайшоў ператрус у рамках крымінальнай справы аб ухіленьні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Большасьць членаў праўленьня «Белгазпрамбанку» арыштавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас былі падставы лічыць, што там былі зусім іншыя паказаньні». Як ідзе суд над Віктарам Бабарыкам

Расейскія акцыянэры банку — «Газпром» і «Газпромбанк» — яшчэ да пачатку працы часовай адміністрацыі назвалі такія дзеяньні Нацбанку незаконнымі і летам мінулага году адмаўляліся ад супрацоўніцтва з часовай адміністрацыяй. Восеньню пасьля перамоваў, якія працягваліся некалькі месяцаў, Нацбанк дамовіўся з расейскімі акцыянэрамі, каб уласьнікі вярнуліся да кіраваньня даччыным банкам і сфармавалі новы склад праўленьня. У сьнежні «Газпром» і «Газпромбанк» вярнуліся да кіраваньня «Белгазпрамбанкам».

Былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка пакінуў пасаду ў траўні 2020 у сувязі з удзелам у прэзыдэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня яго затрымалі праз абвінавачаньне ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасьці ў гады, калі ён кіраваў банкам. Улады сьцьвярджаюць, што ў крымінальным перасьледзе Бабарыкі няма ніякай палітычнай матывацыі, сам абвінавачаны і праваабарончая супольнасьць лічаць інакш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У судзе над Бабарыкам сьведак дапытваюць у кайданках, хадайніцтвы абароны адхіляюць

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.