Траіх асуджаных за абразу Лукашэнкі праваабаронцы прызналі палітвязьнямі

За кратамі на пярэднім пляне Вольга Клімкова.

На падставе інфармацыі пра асобаў, пазбаўленых волі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў міліцыі, судзьдзяў і зьнявагу дзяржаўных сымбаляў, праваабаронцы прызналі палітвязьнямі траіх жыхароў Магілёва.
  • Сяргей Скок — асуджаны судом Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці на 3 гады пазбаўленьня волі па ч.2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта)
  • Вольга Клімкова — асуджана судом Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці на 3,5 года пазбаўленьня волі па ч.2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта)
  • Максім Сяргеенка — асуджаны судом Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці на 3,5 года пазбаўленьня волі па ч.2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Магілёўшчыне суд за абразу Лукашэнкі зрабілі закрытым. За лялькі на мастах вінавацяць жанчыну і двух мужчын

Такім чынам, колькасьць палітычных зьняволеных у Беларусі цяпер складае 362 чалавекі.

У супольнай заяве праваабаронцы называюць перасьлед Сяргея Скока, Вольгі Клімковай, Максіма Сяргеенкі палітычна матываваным, зьвязаным зь мірным выказваньнем думкі, а іх саміх — палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Беларусі патлумачылі, чаму міліцыянтаў абражаюць словы «дурань» і «ідыёт», а іншых людзей нібыта не

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да іх і адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сымбаляў і службовых асобаў.