Зьявілася пэтыцыя ў падтрымку палітвязьня Верашчагіна, стан здароўя якога крытычна пагоршыўся

Сілавікі ў Гомлі, архіўнае фота

Зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем неадкладнай мэдычнай дапамогі асуджанаму на 5 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі) Сяргею Верашчагіну. Ён адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 13 у Глыбокім на Віцебшчыне.

Пэтыцыя на плятформе «Зручны горад» набрала амаль 1000 подпісаў і
будзе накіраваная ў Міністэрства аховы здароўя і Ўпраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Віцебскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаміўся ад болю, хутчэй бы памерці». Як адбываюць пакараньне палітвязьні з сур’ёзнымі захворваньнямі

Сяргея Верашчагіна затрымалі 12 жніўня і моцна зьбілі. Сярод дыягназаў — закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы, удары грудной клеткі, шыйнага, груднога і паяснічнага аддзелаў хрыбетніка, скроневых абласьцей. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта з вакна сваёй кватэры крычэў на супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кідаў у іх бутэлькі. Мужчыну прызналі вінаватым і прысудзілі да 5 гадоў калёніі. Сваёй віны ён не прызнаў.

Як стала вялома родным, стан здароўя Сяргея рэзка пагаршаецца. Ён імкліва траціць зрок, не адчувае левую палову цела, у яго ўвесь час кружыцца галава. Пры гэтым ніякай мэдычнай дапамогі яму не аказваюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гамельчука, які з акна крычаў на міліцыянтаў, асудзілі на 5 гадоў

Пры гэтым артыкул 14 закону «Аб ахове здароўя» вызначыў, што асобам, якія знаходзяцца пад сьледзтвам, ці якiя адбываюць пакараньне ў выглядзе арышту, абмежаваньня волі, пазбаўленьня волі, пажыцьцёвага зняволеньня, а таксама асуджаным да сьмяротнага пакараньня, гарантуецца аказаньне неабходнай мэдычнай дапамогі.

На падставе гэтага падпісанты пэтыцыі патрабуюць неадкладна аказаць Сяргею Верашчагіну належную мэдычную дапамогу, зьмясьціць яго ў шпіталь для больш дэталёвай дыягностыкі і лекаваньня.